Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы выпусьцілі фільм пра катаў


Выйшаў другі фільм з цыклю «Шэсьць аргумэнтаў супраць сьмяротнага пакараньня», падрыхтаваны ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».

У кожным з 6-хвілінных відэа распавядаецца пра адзін аспэкт, зьвязаны са сьмяротным пакараньнем.Так, першы фільм быў прысьвечаны тэме незваротнасьці сьмяротнага пакараньня — магчымасьці судовай памылкі.

У другім фільме зьвяртаецца ўвага на праблему дэфармацыі псыхікі катаў, якія выконваюць сьмяротныя прысуды. Пра гэта разважае Алег Алкаеў, які ў 1996–2001 гг. быў начальнікам СІЗА № 1 Менску і пры ўдзеле якога былі выкананыя 134 сьмяротныя прысуды.



Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа: сэнс фільму ў тым, каб яшчэ раз паказаць, што сьмяротнае пакараньне — гэта барбарства:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Гэта бесчалавечнае барбарства, такое самае, як рабства ці катаваньні. Гэта супярэчыць чалавечай сутнасьці — забіваць сябе падобных. У любым разе, нават калі гэтае забойства адбываецца ад імя дзяржавы на падставе прысуду, усё роўна павінен нейкі чалавек гэта зрабіць, таму што чалавек ад сьмяротнага прысуду сам па сабе не памірае. Павінен быць выканаўца, які будзе ці то націскаць на кнопку са сьмяротнай іньекцыяй, ці то спускаць курок пісталета, страляючы ў патыліцу чалавеку. Гэты фільм — пра тых людзей, якія вымушаныя выконваць такую працу, таму што іх змушае дзяржава такое рабіць. Спадар Алкаеў дзеліцца сваім асабістым досьведам, наколькі яму цяжка было выконваць сьмяротныя прысуды».

У 2013 годзе ў Беларусі вынесена 3 сьмяротныя прысуды. У 2012-м ніводнага сьмяротнага прысуду не было вынесена, але 2 былі выкананыя.

Пра першую частку фільму можна прачытаць тут
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG