Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка едзе да Дварковіча: на парадку дня нафта і Баўмгертнэр


Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка 5 верасьня ў Маскве сустрэнецца зь віцэ-прэм’ерам ураду Расеі Аркадзем Дварковічам.

Раней намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Кірыл Маладцоў заявіў, што сярод іншага будуць абмеркаваныя пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь.

Напрыканцы жніўня віцэ-прэм’ер Дварковіч паведаміў, што пастаўкі нафты ў Беларусь у чацьвёртым квартале скароцяцца і будуць меншымі, чым у трэцім квартале. Ён адзначыў, што пазыцыя Расеі не памянялася і зыходзіць з таго, што ў 2013 годзе расейскі бок паставіць у Беларусь 18,5 млн тон, хоць Беларусь настойвае на 23 мільёнах тон.

«Транснафта» ўжо заявіла пра скарачэньне ў верасьні паставак расейскай нафты ў Беларусь на 400 тыс. тон.

Аркадзь Дварковіч
Аркадзь Дварковіч
Аднак прэзыдэнт «Раснафты» Ігар Сечын заявіў, што будзе прасіць «Транснафту» захаваць аб’ёмы прапампоўваньня нафты ў Беларусь ранейшымі.

Таксама ў сувязі з арыштам у Менску гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра Дварковіч заявіў, што Расея можа пачаць крымінальны перасьлед ініцыятараў і ўдзельнікаў продажу зь Беларусі ў трэція краіны нафтапрадуктаў пад выглядам «растваральнікаў», што адбывалася ў 2011–2012 гадах.

Ён заявіў, што ўрад Расеі ўважліва сочыць за сытуацыяй з затрыманьнем Баўмгертнэра, лічыць яе недапушчальнай і будзе думаць над далейшымі крокамі.

Як раней паведамлялі расейскія мэдыі, прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч запрашаў прыехаць у Менск разам з кіраўніком «Уралкалія» Ўладзіславам Баўмгертнэрам віцэ-прэм’ера Расеі Аркадзя Дварковіча, асноўнага ўладальніка «Ўралкалія» Сулеймана Керымава і кіраўніка рады дырэктараў кампаніі Аляксандра Валошына.

Аднак з прычыны «шчыльнага графіку» яны не змаглі прыняць запрашэньне. Прыехаў толькі Ўладзіслаў Баўмгертнэр, якога і затрымалі ў Менску пасьля перамоваў зь Міхаілам Мясьніковічам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG