Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябар Гайдукова: Я пазнаю стыль Андрэя

абноўлена

Андрэй Гайдукоў
Андрэй Гайдукоў

Маці Андрэя Гайдукова Вольга камэнтуе публікацыі ў газэце «Беларусь Сегодня».

Вольга Гайдукова: «У бацькоў такія публікацыі проста ярасьць выклікаюць. Калі б гэты „аўтар“ побач стаў, вы ведаеце, што б я зрабіла.... Там столькі жоўці, ілжы і бруду, што я нават ня ведаю. Там суцэльная мана. Я сама не чакала, што „Советская Белоруссия“ можа такія рэчы і такім чынам падаваць».

У сапраўднасьць апублікаваных СБ дакумэнтаў Гайдукова ня верыць: «Так па-дурному ліст Андрэй бы не напісаў. Магчыма, нешта вырванае зь ягонай перапіскі. І дахаты ён піша лісты, яны ж іх правяраюць. Андрэй не настолькі дурны, каб пісаць такія лісты».

Сёньня выданьне адміністрацыі прэзыдэнта «Беларусь Сегодня» зьмясьціла чарговы матэрыял з сэрыі публікацыяў пра шпіёнскую справу Андрэя Гайдукова. Аўтар артыкула сьцьвярджае, што Гайдукоў прасіў у ЦРУ на сваю дзейнасьць 103 920 даляраў плюс кошт абсталяваньня. Паводле каштарысу меркавалася, што Гайдукоў будзе атрымліваць 2 тысячы даляраў у месяц. Апроч таго, запрошваліся грошы на куплю абсталяваньня, арэнду кватэраў у Менску і Полацку, арэнду аўтамабіля і правядзеньне чатырох квартальных зьездаў.

Сярод іншага ў артыкуле паведамляецца, што Гайдукоў быў гатовы падзяліцца дэталёвай інфармацыяй пра доступ да кампутарнай сеткі НПЗ. «Ён падрабязна расьпісвае спосабы несанкцыянаванага доступу да яе, архітэктуру пабудовы сеткі, пераадоленьне яе магчымай абароны і яшчэ нейкія рэчы, якія могуць сапраўды выглядаць сур’ёзна...», — піша СБ.

Мікалай Калбасенка, намесьнік генэральнага дырэктара «Нафтана» па ідэалягічнай працы, даваць любыя камэнтары праз тэлефон адмовіўся. «Па некаторых пытаньнях мы ведаем столькі ж, колькі і вы», — сказаў Калбасенка.

Гайдукова сама працавала на «Нафтане». Яна ня верыць, што ў Андрэя мог быць доступ да кампутарнай сеткі НПЗ. «У прынцыпе немагчыма, каб ён меў доступ да кампутарнай сеткі НПЗ. Толькі кіраўніцтва мае доступ. Пра што вы кажаце?! Гэта ж сур’ёзна!»

«Частка інфармацыі верагодная. Я пазнаю Андрэя, характар ягонага пісьма і гэтак далей», — кажа Яўген Канстанцінаў, сябар Гайдукова.

Канстанцінаў называе публікацыі невыпадковымі:

«Напэўна, яны апасаюцца, што Андрэя прызнаюць палітзьняволеным, а ім ня трэба міжнародны розгалас. Але шмат што сфабрыкавана. Яны пішуць, што Саюзу маладых інтэлектуалаў ніколі не існавала, што гэта ілжывая арганізацыя. А гэта няпраўда».

Наконт асобы чалавека, зь якім Гайдукоў нібыта перадаў свой ліст у ЦРУ, у Канстанцінава няма думкі, хто б гэта мог быць:

«У іх было некалькі вэрсіяў па ходзе сьледзтва. Спачатку казалі, што сам Андрэй павінен быў гэты ліст адправіць, пасьля зьявіўся нейкі чалавек, які павінен быў яго адправіць. Я ня ведаю, якім чынам у іх мог апынуцца гэты ліст».

Што да валоданьня кампутарам, то Канстанцінаў сьцьвярджае, што Гайдукоў, вядома, цікавіўся кампутарамі, але «не настолькі, каб выкрасьці нейкія дакумэнты. Хутчэй ён мае ўзровень звычайнага юзэра».


1 ліпеня 2013 году Гайдукоў быў асуджаны Віцебскім абласным судом паводле ч. 1 арт. 14 і арт. 356-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі (спроба ўсталяваньня супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, органам бясьпекі або выведным органам замежнай дзяржавы) на 1,5 года пазбаўленьня волі. Справа разглядалася ў закрытым судовым пасяджэньні.

Касацыйная скарга Андрэя Гайдукова на прысуд будзе разглядацца ў Вярхоўным судзе 27 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG