Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія арганізацыі не прызналі слуханьні ў Астраўцы


Літоўскія грамадзкія аб’яднаньні «Рух зялёных Літвы», «Атгайя», «Цэнтар моладзі Літвы», «Асацыяцыя Zali.lt», партыя «Літоўскі зьвяз сялян і зялёных», а таксама беларускае грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» і аргкамітэт стварэньня руху «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь» не прызналі слуханьні па бясьпецы Беларускай АЭС у Астраўцы.

Сустрэча прадстаўнікоў беларускіх міністэрстваў і ведамстваў, а таксама дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі з 102 грамадзянамі Літвы прайшла ў Астраўцы 17 жніўня.

Эколягі лічаць, што на сходзе ў Астраўцы не было дыскусіі па сутнасьці пытаньня, бо беларускі бок ня даў літоўскай грамадзкасьці поўны, на 3500 старонак, тэкст справаздачы пра пра ацэнку ўзьдзеяньня на вакольнае асяродзьдзе праекту АЭС.

На думку аўтараў заявы, запэўніваньні ў абсалютнай бясьпецы АЭС былі галаслоўнымі і не адпавядалі сапраўднасьці. На пытаньні з залі пра плян эвакуацыі й ільготы для жыхароў 30-кілямэтровай зоны беларускі бок адказаў, што ў гэтым няма патрэбы. У той жа час, адзначаюць эколягі, гэтая інфармацыя абвяргаецца вынікамі дасьледаваньняў эўрапейскіх адмыслоўцаў, апублікаванымі ў 2012 годзе.

«Дасьледаваньне Нарвэскага агенцтва радыяцыйнай абароны і аўстрыйскага Ўнівэрсытэту прыродных рэсурсаў і прыкладных навук пра жыцьцё даказалі, што ў выпадку цяжкай запраектнай аварыі на Астравецкай АЭС існуе магчымасьць такога выкіду радыеактыўнага цэзію-137, у выніку якога будзе неабходна адсяліць жыхароў на адлегласьць да 300 і больш кілямэтраў ад аварыйнага рэактара. У патэнцыйную зону адсяленьня могуць трапіць такія гарады, як Вільня, Коўна, Шаўлі», — гаворыцца ў заяве.

Склад удзельнікаў сходу ў Астраўшцы не дазваляе сьцьвярджаць, што зь літоўскага боку прысутнічала зацікаўленая, а галоўнае, не заангажаваная грамадзкасьць, мяркуюць прадстаўнікі грамадзскіх арганізацый. Слуханьні былі праведзены падчас летніх вакацый, калі большасьць грамадзян знаходзіцца ў ад’езьдзе.

Паводле газэты Lietuvos Ritas, толькі два жыхары Вільні выехалі ў Астравец на бясплатным аўтобусе, на двух іншых аўтобусах былі прывезеныя 37 жыхароў Вісагінаса й арганізаваная група літоўскіх грамадзян, як мяркуецца, беларускага паходжаньня. Улады Беларусі цягам некалькіх гадоў абяцаюць разгледзець магчымасьць працаўладкаваньня гэтых людзей на Астравецкай АЭС, што, як лічаць аўтары заявы, ёсьць маніпуляцыяй думкай гэтых грамадзян.

Падпісанты заявы зьвяртаюць увагу, што будаўніцтва Астравецкай АЭС працягваецца, хоць ня скончаныя кансультацыі зь Літвой. Гэта, на іх думку, не адпавядае прынцыпам Канвэнцыі Эспо, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG