Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматдзетная сям’я просіць прытулку за мяжой


Ірына Бойка з малодшым сынам Кірылам
Ірына Бойка з малодшым сынам Кірылам

Кастрычніцкі суд Горадні прыняў рашэньне выселіць шматдзетную сям’ю з інтэрнату, спасылаючыся на працоўны кантракт.

Прайшоўшы праз суд і сутыкнуўшыся з чэрствасьцю чыноўнікаў, маці траіх дзяцей просіць прытулку ў якой-колечы краіне, дзе б яны разам з трыма дзецьмі і мужам маглі б мець працу і жыльлё.

Маці траіх дзяцей Ірына Бойка кажа, што ім няма куды ісьці і яна ўжо болей ня мае сілаў змагацца з чыноўнікамі. Ейны муж Аляксандар Бойка мае намер абскардзіць рашэньне. Яна зьвяртаецца да ўсясьветнай супольнасьці:

Бойка: «Мы, шматдзетная сям’я, просім дапамогі ў іншых дзяржаваў, дзе маглі б даць нам жыльлё і працу. У нас трое дзетак, мы гатовыя працаваць і быць законапаслухмянымі людзьмі. Ня хочам больш цярпець гэтыя прыніжэньні. І калі такія, як мы, непатрэбныя Беларусі, то просім дапамогі ў іншых краінах. Магчыма, некаму ў сьвеце спатрэбіцца сям’я, якая будзе працаваць і жыць нармальным жыцьцём».

Спадарыня Ірына разам з мужам Аляксандрам і трыма дзецьмі пражылі ў інтэрнаце ААТ «Гроднапрамбуд» больш як год пасьля таго, як муж уладкаваўся на працу ў будаўнічае ўпраўленьне № 210.

З працы Аляксандра Бойку, паводле ягонай жонкі, звольнілі за адзін прагул, а паколькі ў кантракце было запісана, што інтэрнат даецца толькі на час працы ў будаўнічым упраўленьні, то запатрабавалі высяленьня.

Справа дайшла да суду, і вось рашэньне прынятае: на працягу шасьці месяцаў сям’я Бойкаў павінна выселіцца. Ірына Бойка кажа, што праплакала ўсе вочы. Яна ня згодная з тым, што мужа несправядліва выкінулі з працы.

Яна разумее, што ёсьць кантракт, які муж падпісваў, уладкоўваючыся на працу. Але, пасядзеўшы ў судах і пахадзіўшы па чыноўніках, ніяк ня можа ўцяміць, што зь людзьмі ў нашай краіне можна так вось абыходзіцца.

Бойка: «Я праліла сьлёзы ў судзе, распавядала, што дзеці яшчэ малыя і няма куды зь імі ісьці, але гэта нікога не зачапіла. Была ў мэра, прасіла, каб дапамаглі атрымаць ільготны крэдыт на будоўлю дома — мы ўжо залілі фундамэнт, але ўсё ўпіраецца ў законы, згодна зь якімі гэта немагчыма. І ніхто нічога канкрэтнага, ніякага спачуваньня і дапамогі. Дык што гэта за законы такія, што з трыма дзецьмі я павінна ісьці на вуліцу?»

Спадарыня Ірына распавядае, што на двух дзетак штомесяц атрымлівала тры з паловай мільёны, і калі ў мужа не было працы, то толькі на гэтыя сродкі і жылі. А з гэтага месяца яна атрымлівае толькі на адно дзіця, бо сярэдняму хлопчыку споўнілася тры гады.

Самы малодшы хлопчык, Кірыл, нарадзіўся заўчасна. Спадарыня Ірына распавядае, што ён стаіць на ўліку ў нэўроляга, часта даводзіцца зьвяртацца да лекараў і купляць лекі. Што рабіць далей і як жыць, яна ня ведае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG