Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец этапа


Ад сёньня на сайце Свабоды даступная абноўленая вэрсія Картатэкі Сталіна. Завершана карэктура ўсіх біяграмаў. Агулам праца над Картатэкай заняла дзесяць гадоў.

Сэнс гэтай працы ў тым, каб з таблічных зьвестак, якія ўдалося атрымаць з архіваў КДБ, зрабіць вэрсію даведніка, надаць фактам літаратурную форму, інакш кажучы, каб за статыстыкай тысяч сьмярцей убачыць трагедыю кожнай канкрэтнай гібелі. І, зразумела, каб гэта было па-беларуску.

Цяпер мы маем ня толькі сьведчаньне злачынстваў камунізму, але і своеасаблівы эпас беларускага народу першай паловы 20-га стагодзьдзя, дзе адлюстраваныя ня толькі падзеі, але і настроі людзей. Мы маем таксама даведнік пра Беларусь названага часу – пра яе сацыяльны склад, гарады і вёскі, прозьвішчы і імёны тагачасных яе насельнікаў. Скажам, кідаецца ў вочы, што абсалютная большасьць рэпрэсаваных – сяляне і калгасьнікі. Але і сярод гарадзкога люду зусім няшмат кваліфікаваных прафэсіяналаў, найчасьцей гэта – абходчыкі чыгункі, вартаўнікі, дворнікі, грузчыкі... Нават абслугай каналізацыі ў гарадах тагачаснай Беларусі займаліся, чамусьці, немцы, якія прыехалі з Паволжа. Гэта я да таго, што ў Картатэцы Сталіна – мноства загадак, якія патрабуюць адмысловага дасьледаваньня.

Але галоўная функцыя і місія Картатэкі застаецца нязьменнаю ад першай публікацыі: Знайдзі сваіх! Чалавеку ўласьцівая цікаўнасьць і мабыць мала хто ня ўводзіў у вакенка сеціўнай шукалкі сваё прозьвішча – па-расейску, па-беларуску, лацінкай. Беларуская вельмі многіх такіх цікаўных прывядзе наўпрост у Картатэку Сталіна. Чалавек, магчыма ўпершыню, даведаецца ня толькі пра лёс сваіх прадзедаў, але і пра мясцовасьць, адкуль ягоны род.

У Картатэцы застаюцца памылкі ў напісаньні прозьвішчаў, населеных пунктаў і нават у датах нараджэньня, арышту ці расстрэлу. На жаль, гэтыя памылкі ў такім выглядзе існуюць і ў архівах КДБ, паправіць іх мы ня можам. Другі істотны недахоп Картатэкі – у ёй, у геаграфіі рэпрэсій цалкам адсутнічае Гомельшчына і амаль цалкам – Магілёўшчына і Гарадзеншчына. Гэтых зьвестак у нашым распараджэньні няма і атрымаць іх у сёньняшнім КДБ мы ня можам. Што яшчэ раз падкрэсьлівае, што мы завершылі толькі этап працы над поўным сьпісам рэпрэсаваных у Беларусі.

У новым этапе найбольшы разьлік на вас, нашых чытачоў. Дасылайце зьвесткі пра вашых рэпрэсаваных. Вы можаце зрабіць гэта ў камэнтарах пад гэтых артыкулам.

Ніхто не павінен быць забыты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG