Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балыкін: «Білі па злачынцах, а трапілі па сумленных прадпрымальніках»


Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін
Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ліквідаваць ілжэпрадпрымальніцтва. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 1 жніўня на нарадзе па пытаньні эфэктыўнасьці барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. Ці можа так апынуцца, што пад маркай барацьбы з ілжэпрадпрымальніцтвам пацерпяць і сумленныя прадпрымальнікі? Што трэба зьмяніць у эканамічнай палітыцы, каб не зьяўляліся фірмы-аднадзёнкі? На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

— Ці ёсьць падставы асьцерагацца, што ў кампаніі ліквідацыі ілжэпрадпрымальнікаў могуць пацярпець і сумленныя бізнэсмэны, улічваючы недасканаласьць беларускага заканадаўства?

— Сумленныя прадпрымальнікі заўсёды цярпелі падчас розных дзяржаўных кампаніяў — ліквідацыі лжэпрадпрымальніцкіх структур, шматлікіх перарэгістрацыях і гэтак далей. Так было заўсёды — білі па злачынцах, а трапілі па сумленных. Так было, ёсьць і будзе, пакуль ня зьменіцца ўлада.

Так што, можа, Лукашэнка і мае тут добрыя намеры, але атрымаецца «як заўсёды». Узьнікаюць іншыя пытаньні: хто вінаваты ў зьяўленьні ілжэпрадпрымальніцкіх структураў, і ці магчыма зь імі эфэктыўна змагацца?

— І які ваш адказ на гэтыя пытаньні? Няўжо беларускія прадпрымальнікі маюць нейкі «ген злачыннасьці» — бо мы даволі часта чуем пра тое, якія яны ўсе жулікі?

— Калі мы паглядзім на беларускае гаспадарчае заканадаўства, то ўбачым, што працаваць сумленна, не парушаючы законаў, немагчыма. І справа нават ня ў тым, што бізнэс спрабуе ўхіліцца ад падаткаў, а ў тым, што патрэбна столькі папераў, якія ўсе здабыць немагчыма. І таму ўзьнікаюць фірмы-аднадзёнкі, празь якія ня толькі грошы адмываюцца, але і рэалізуецца той тавар, які немагчыма рэалізаваць іншым шляхам.

Калі ўжо шукаць вінаватых, то гэта тыя, хто прымае такія законы і нарматыўныя акты, якія фактычна вымушаюць бізнэс працаваць з такімі ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі — бо іначай працаваць немагчыма. А рэцэпт змаганьня тут адзін — эканамічная лібэралізацыя. Калі дзяржава будзе пасьлядоўна адмяняць розныя абмежаваньні, то зьнікне ня толькі карупцыя, але і ўсе гэтыя фірмы-аднадзёнкі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG