Лінкі ўнівэрсальнага доступу

То Чарнобыль, то сьвіная чума


На рынках Гомелю цяпер прадаецца багата сьвініны. Эпідэмія сьвіной чумы падштурхнула многіх вяскоўцаў без пары пазбавіцца ад жывёлы. Пра тое, як трывожныя весткі пра эпідэмію адбіліся на гандлі — рэпартаж з Гомелю.

Мясныя рады на Цэнтральным рынку нават у сёньняшні будзённы дзень спрэс заваленыя сьвінінай (здымкі 1,2). І толькі асобныя гандляры прапануюць цяляціну — найлепшыя кавалкі па 130–140 тысяч за кіляграм. Сьвініна — у тры разы таньнейшая.

Гамяльчук Уладзімер толькі што купіў кавалак недарагой сьвежыны:

«Дзе па 45, а дзе па 48 тысяч беларускіх рублёў, гледзячы ў каго як. Ня страшна нічога ўжо. Чаго баяцца — што ў краме, што тут. У краме толькі даражэй — па 65 тысяч сьвініна. У магазыне, канечне, дорага. А тут я ўзяў за сорак».

Кабета сярэдняга веку, прыцэньваючыся да сьвініны, наагул кідае фатальную фразу:

«Чаму быць, таго не абмінуць — не адмаўляемся, ядзім. А што рабіць? Я колькі жыву, столькі й не люблю ялавічыну. Для мяне — сьвініна».



Пэнсіянэр Мікалай, які таксама прыйшоў на рынак па танную сьвежыну, абазнаны ў сытуацыі з афрыканскай чумой сьвіней:

«Ну, калі б была чума, то сьвініну забаранілі б прадаваць. Чума ня ў нас — у нейкіх іншых раёнах, я чытаў. Там усіх сьвіней перабілі. Б’юць і добрае пагалоўе — тое, якое яшчэ не заражанае. Прымушаюць усё зьнішчаць».

Двое даўніх прыяцеляў, Віктар і Сяргей, прыдзірліва аглядаюць мясныя рады, выбіраючы сьвініну, якая найбольш даспадобы. І дзеляцца інфармацыяй пра сьвіную чуму.

Віктар: «Кажуць, што для людзей чума гэтая не небясьпечная. Яна канкрэтна для жывёлін небясьпечная. А калі ты спажыў мяса ці сала — гэта ж не небясьпечна. Але ж гэта нам так падаюць, а як яно насамрэч, мы ж ня ведаем».

Прыяцель Сяргей, кажучы пра вялікі выбар сьвініны, пабойваецца крыху толькі за дзяцей:

«На нашым рынку дастаткова сьвініны. Калі дзеткам трапіцца, гэта шкада. А калі дарослы чалавек, то чаго ўжо баяцца? Калі мы перажылі Чарнобыль, то што ўжо нам тут небясьпечна?»

Цэнтральны рынак
Цэнтральны рынак


Спэцыялізаваныя фірмовыя крамы, у прыватнасьці, саўгасу-камбінату «Сож», дзе ёсьць сьвінагадоўчы комплекс на 100 тысяч галоў, сёньня прадавалі сьвініну ў разруб нават па 27 тысяч рублёў. У прыватнасьці, у краме на вуліцы Кірава. Была й даражэйшая — па 55–65 тысяч. Аднак гараджане ня надта кідаліся на такія прапановы. Чаму — апавядае спадарыня Ірына:

«Тут крама мне не падабаецца. Калі б вы зайшлі, то пабачылі б нясьвежае. Такая ж крама, „Сожаўская“, нашмат лепшая каля тралейбуснага дэпо. Чумы не баюся. Па-першае, чума дзе ў нас? У Горадні — дзесьці там, далей. А „Сож“ — пад Гомелем. Шчыра кажу, нават пра чуму й не задумвалася. Толькі даведалася на мытні — машыну апрацоўвалі. Мы езьдзілі ва Ўкраіну — і ўсе нашыя машыны пры ўезьдзе апрацоўваюць ад чумы».

Абвестка на фірмовай краме "Сож"
Абвестка на фірмовай краме "Сож"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG