Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыхтуюцца акцыі да другой гадавіны арышту Бяляцкага

абноўлена

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

У Горадні, Гомелі, іншых гарадах рыхтуюцца да акцыяў у падтрымку Алеся Бяляцкага з нагоды другой гадавіны ягонага арышту — 4 жніўня.

Гарадзенскія актывісты Ўладзімер Хільмановіч, Віктар Сазонаў і Раман Юргель падалі заяўку на правядзеньне пікету ў Гарадзенскі гарвыканкам.

Паводле Хільмановіча, пікет плянуюць правесьці ў другую гадавіну арышту Алеся Бяляцкага ў парку ля Калоскай царквы.

Пікетоўцы хочуць паінфармаваць жыхароў гораду пра сытуацыю са зьняволеным кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна».

Раней гомельскія грамадзкія актывісты Анатоль Паплаўны, Юры Варонежцаў і Леанід Судаленка падалі ў гарвыканкам заяўку на вулічнае шэсьце ў падтрымку зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

«Шэсьце мы маем намер правесьці 4 жніўня — ад цэнтральнай плошчы Леніна па вуліцы Савецкай і да ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, дзе ў свой час вучыўся Бяляцкі. Усе ўдзельнікі шэсьця будуць у майках з партрэтам праваабаронцы. Апрача таго, будуць скарыстаны лёзунгі: „Свабоду Бяляцкаму!“, „За вашу і нашу свабоду!“ ды іншыя», — заявіў Свабодзе Анатоль Паплаўны.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе 2011 году. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць і падтрымку сем’яў палітвязьняў.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын і Барыс Бухель падалі заяўку ў гарвыканкам на правядзеньне 4 жніўня пікета за вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Праваабаронцы зьбіраюцца праводзіць пікетаваньне ў цэнтры гораду непадалёк ад будынку гарвыканкаму. Мяркуецца, што ў пікеце возьмуць удзел да 15 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG