Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Малчанаў на волі

абноўлена

Былога палітвязьня вызвалілі з папраўчай калёніі ў Навасадах, што недалёка ад Барысава.

Ахоўнікі калёніі паведамілі, што Малчанава вызвалілі а 6-й раніцы, яшчэ да пад’ёму.

Малчанава на вуліцы Ленінскай у Барысаве сустракаў ягоны бацька Валеры.

Бацька ўжо сталага веку і да журналістаў ды грамадзкіх актывістаў, якія прыехалі пазьней, ня выйшаў.

Малчанаў выглядае бадзёра. Ён схуднеў і загарэў.

Кажа, што вельмі рады апынуцца дома.

Хлопец гаворыць, што гэтым разам у калёніі да яго ставіліся больш лагодна, чым калі сядзеў за Плошчу. Адміністрацыя і вязьні ведалі пра ягоную першую справу за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2013. Малчанаў гаворыць, што ахова ў калёніі абкружыла яго вязьнямі, якія ўсё дакладалі.

Прафіляктычны нагляд на паўгоду ён атрымаў за два парушэньні. Кажа, што згодны толькі з адным.

Аляксандар Малчанаў: «Зьбіраюся працаваць і аднавіцца ў інстытуце»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:38 0:00

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці лічыць ён сябе палітвязьнем, Аляксандар Малчанаў заявіў: каб не было пільнага кантролю і была магчымасьць знайсьці працу, ён бы ня краў мэталалом.

Малчанаў прызнаўся, што зрабіў высновы з той гісторыі і болей ня будзе такім займацца.

У калёніі былы палітвязень скончыў курсы станочніка. Цяпер ён можа працаваць токарам.

Малчанаў сказаў, што бліжэйшым часам будзе займацца агародам, што ля дому. Маўляў, пакуль яго не было, усё зарасло.

У суботу вечарам ён зьбіраецца на могілкі, адведаць магілу маці.

Да 5 раніцы ў нядзелю ён павінен стаць на ўлік у міліцыі.

З пачаткам новага навучальнага году Аляксандар Малчанаў зьбіраецца аднавіцца на вучобе.


Даведка Радыё Свабода: Аляксандар Малчанаў


Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 г. у Барысаве.

Вучыўся ў барысаўскай школе № 22.

На пачатку 2000-х быў сябрам руху «Зубар».

Працаваў на Барысаўскім рамонтна-мэханічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку», БАТЭ.

Вучыўся ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце.

Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г.

Быў затрыманы 6 студзеня 2011 г. у сябе дома ў Барысаве.

Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які сарваў з будынку КДБ.

2 сакавіка судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла Малчанава на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Адбываў пакараньне ў калёніі № 15 Магілёва.

Вызвалены 14 верасьня 2011 г.

Вясной 2012-га Малчанава прызналі вінаватым у крадзяжы мэталалому зь мясцовага заводу і асудзілі на 1,5 года зьняволеньня.

Зьбіраючы мэталалом, ён прайшоў на тэрыторыю мясцовага заводу цяжкіх штамповак, якая не ахоўвалася. Там яго і затрымалі.

У чэрвені 2012-га ў Барысаве памерла маці — Галіна Малчанава. Адміністрацыя турмы ў Жодзіне, дзе тады ўтрымлівалі Малчанава, адмовілася адпусьціць сына на пахаваньне маці.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG