Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Кубараў: «Асноўная прычына сьмерці Юліі — ацёк мозгу»


Паўтара месяца доўжыцца расьсьледаваньне крымінальнай справы аб высьвятленьні прычынаў сьмерці Юліі Кубаравай, якая памерла пасьля плястычнай апэрацыі па карэкцыі формы носа ў камэрцыйным мэдцэнтры «Экамэдсэрвіс».

Прызначаны складаныя экспэртызы мэдычнага абсталяваньня, якое выкарыстоўвалася пры апэрацыі. Кіраўніца цэнтру і лекар-анэстэзіёляг застаюцца пад вартай. Ахвяра яшчэ адной плястычнай апэрацыі Вольга Сукора ўжо 8 месяцаў у коме.

Бацька памерлай дзяўчыны Юры Кубараў распавёў, што сям’ю не знаёмяць з ходам расьсьледаваньня. Паабяцалі толькі, што калі справа будзе цалкам завершаная, тады паводле закону азнаёмяць. Адзінае — зьявілася мэдычнае заключэньне аб прычыне сьмерці Юліі, кажа яе бацька:

«Асноўная прычына — ацёк мозгу. Створана камісія, якая будзе высьвятляць, на якім этапе адбылося самае страшнае і беззваротнае — пасьля апэрацыі
ніхто ў сьвеце ня мог яе выратаваць. Усё здарылася ў «Экамэдсэрвісе
альбо падчас апэрацыі. То бок чацьвёртая клініка не магла яе выратаваць, і ніхто ў сьвеце ня мог яе выратаваць. Усё здарылася ў «Экамэдсэрвісе».

Пасьля грамадзкага рэзанансу і ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі справу «Экамэдсэрвіса» перадалі з упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску ў вышэйшую інстанцыю — Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Прэс-сакратар Сьледчага камітэту Павал Траулька распавёў Радыё Свабода пра ход расьсьледаваньня:

«Прызначана складаная экспэртыза мэдычнага абсталяваньня, якая патрабуе працяглага часу. Пасьля заключэньня экспэртаў па мэдычным абсталяваньні, якое выкарыстоўвалася ў „Экамэдсэрвісе“, мы зможам пра штосьці казаць. А наагул — экспэртыза можа працягнуцца і месяц, і два, я мяркую.

У гэтым выключным выпадку мы прыцягваем самых розных экспэртаў».

На пачатку траўня шэсьць супрацоўнікаў «Экамэдсэрвіса» былі зьмешчаныя пад варту. Празь некалькі дзён хірурга, галоўнага інжынэра і дзьвюх мэдсясьцёр выпусьцілі пад абавязаньне аб яўцы. Яны лічацца падазраванымі. А вось дырэктарку цэнтру Галіну Валжанкіну абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні злачынства, кваліфікаванага як службовая халатнасьць, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека. Лекару-анэстэзіёлягу Шураву выстаўлена абвінавачаньне ў злачынстве, якое кваліфікуецца як неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдычным работнікам, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту Павал кажа:

«Яны знаходзяцца пад вартай. Мера стрыманьня абраная ў выглядзе пазбаўленьня волі і заключэньня пад варту».

Няма ніякіх пазытыўных зьменаў у стане здароўя яшчэ адной пацярпелай пасьля плястыкі. 10 кастрычніка 2012 году Вользе Сукоры зрабілі апэрацыю па мэдычных паказаньнях — па выпраўленьні прыкусу. 8 месяцаў дзяўчына застаецца ў коме, яна ляжыць у аддзяленьні нэўралёгіі Менскага абласнога шпіталя.

Лекар Вольгі Сукоры пра стан пацыенткі распавядаць адмовілася:

«Камэнтароў не даем нікому, акрамя сваякоў, пазначаных у гісторыі хваробы. Магу сказаць толькі так: яна па-ранейшаму знаходзіцца ў нас у аддзяленьні, яе даглядае маці».

Як і Юлія Кубарава, Вольга Сукора вырашыла выправіць дэфэкт зьнешнасьці перад вясельлем. Апэрацыю праводзілі на катэдры сківічна-тварнай хірургіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, што ў Менскім абласным дзіцячым шпіталі. Хірургі казалі, што апэрацыя прайшла ўдала. Але пасьля яе дзяўчына ўпала ў кому. Па гэтай справе таксама вядзецца расьсьледаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG