Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты патрабуюць цішыні


Сёньня кожны мае прыйсьці ў Курапаты – фізычна ці ў думках – і памаўчаць.

Дваццаць пяць гадоў таму было інакш. Памятаю, як расказвала Мая Кляшторная: «3 чэрвеня 1988 году я купіла газэту «Літаратура і Мастацтва» і мы з мужам пайшлі ў электрычку. Там я разгарнула газэту і сама ня ведаю як пачала ўголас чытаць. Настолькі моцнае ўражаньне было ў мяне і ў людзей, якія слухалі... Гэта для мяне было адкрыцьцё, дзе мой бацька ляжыць...»

Дваццаць пяць гадоў таму пасьля артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва ў Курапаты ішлі сотні, тысячы людзей і гучна гаварылі пра злачынствы камунізму, пра расстраляных карнікамі НКВД. Тады трэба было гаварыць, крычаць, заклікаць. Праўда пра Курапаты мяняла ўяўленьне пра сьвет, пра Беларусь, пра сваё жыцьцё побач зь месцам масавых расстрэлаў, якія сталі магіламі пасьля таго, як на іх усталявалі крыжы.

У 2001 годзе, калі праз Курапаты спрабавалі правесьці кальцавую дарогу, туды ішлі дзясяткі, сотні людзей і гучна гаварылі, крычалі, заклікалі спыніць шлях бульдозэраў па магілах. На ўсю Беларусь, на ўвесь сьвет Радыё Свабода больш за восем месяцаў штодня гаварыла пра Курапаты галасамі тых, хто быў ва ўрочышчы і тых, каму гэтая тэма баліць – Васілю Быкаву, Зянону Пазьняку, якія не маглі фізычна быць у Курапатах, але сваім словам натхнялі і давалі сілу і надзею іншым, хто адстойваў Курапаты.

Штогод на Дзяды дарога на Курапаты – немаўклівая. У калёне сьпяваюць песьні, гучыць курапацкі жалобны звон, пра карнікаў і ахвяраў гучна гавораць на мітынгах. Праўда, часам мне бывае зашмат прамоваў на мітынгах, хочацца засяродзіцца на ўсьведамленьні трагедыі. Але ў гэты дзень трэба гаварыць.

Але вось апошнія паўгода мне хочацца, каб у Курапатах маўчалі, ці прынамсі не гаварылі пра іх гучна. Не, не маўчалі пра злачынствы камунізму, але не абвінавачвалі, не сварыліся, не шукалі агентаў КДБ, не лічылі, хто, колькі і калі прыходзіў ва ўрочышча і што там і як рабіў. Курапаты патрабуюць цішыні і павагі да мёртвых пакутнікаў.

Калі мяне разам з Валерам Буйвалам запрасілі ўзяць удзел у перадачы пра Курапаты на незалежным тэлеканале Белсат, я была вельмі ўдзячная вядучым «Два на два» Паўлу Мажэйку і Зьмітру Гурневічу, што яны ня сталі абмяркоўваць тэму спрэчкі вакол спробы ўсталяваць памятны знак польскім афіцэрам у Курапатах, і рэакцыю, якую гэта выклікала. Мы гаварылі пра трагедыю беларускага народу ў Курапатах, пра гісторыю адкрыцьця і змаганьня за Курапаты і пра будучае мэмарыялу. І пасьля такой размовы хацелася прыйсьці ў Курапаты і памаўчаць і падумаць пра ўсіх тых, над чыімі магіламі шумяць сосны, як і шумелі ў тыя дні, калі выйшаў артыкул «Курапаты – дарога сьмерці», які зьмяніў і маё жыцьцё.

Курапаты патрабуюць цішыні...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG