Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясковы крэдыт: 800 даляраў штомесяц за трохпакаёўку

абноўлена

Чым спыніць масавы сыход людзей зь вёскі? Улады завабліваюць перадусім жыльлём у аграгарадках, але праблема ў тым, што яно мае службовы статус і ў выпадку звальненьня такога «арандатара» папросяць на вуліцу. Нягледзячы на абяцаньні ўсёабдымна спрыяць адраджэньню сельскай мясцовасьці, на справе сытуацыя выглядае зусім ня так, як падае афіцыйная прапаганда.

Карэспандэнт Свабоды сустрэўся з жыхарамі Смаргоншчыны, якія ўжо некалькі гадоў намагаюцца пабудавацца з прыцягненьнем банкаўскіх крэдытаў, але ўмовы крэдытаваньня такія, што выплаты павінны ў разы перавышаць іхнія прыбыткі.

Адзіны ў Гарадзенскай вобласьці жыльлёвы каапэратыў, прапісаны ў сельскай мясцовасьці, базуецца ў вёсцы Залесьсе на Смаргоншчыне. Але ад мараў пра хуткія ўлазіны «каапэратары» мусяць адрывацца на больш празаічныя рэчы — высьвятляць, чаму так хаатычна зьмяняюцца ўмовы крэдытаваньня. Калі на этапе фармаваньня суполкі тры гады таму абяцалася пазыка пад 1% гадавых на 20 гадоў, то фінансавы крызіс 2011-га лічбы адкарэктаваў: згодна з прэзыдэнцкім указам, датаваным студзенем 2012 году, калі чалавек жыве і працуе на вёсцы, адсотак па гэткай пазыцы павінен складаць 3%. Калі там толькі жыве, а езьдзіць на працу ў горад, — 6%. Цяпер жа адсылаюць да сёлетняй пастановы Савету міністраў, якая падвышае стаўкі да 14% і 16% адпаведна.

Забудоўшчыкі кажуць, што такія ўмовы практычна перакрэсьліваюць іхнія надзеі на ўласнае жыльлё. Толькі дзеля таго, каб адчыніць крэдытную лінію, трэба папярэдне ўнесьці ў сярэднім 50 мільёнаў рублёў — 10% ад кошту двухпакаёвай кватэры. Але з заробкамі ў 3 мільёны прэтэндаваць на крэдыт немагчыма.

Атрымліваецца, што двухпакаёвая кватэра ў вёсцы каштуе 515 мільёнаў рублёў — 60 тысяч даляраў. На вёсцы, удумайцеся!
Удзельніца каапэратыву Ніна Кінько кажа, што людзі трапілі ў зачараванае кола: «Справа ў тым, што ў вёсцы проста нерэальна ўнесьці 10% ад кошту жыльля — зноў жа, пры вясковых заробках. Блізка няма ня тое што 10 мільёнаў, а нават 5 мільёнаў, а трэба адразу ўносіць 50 мільёнаў! І гэта яшчэ самае меншае — дзеля таго, каб толькі адчыніць крэдытную лінію. У нас праектна-каштарысная дакумэнтацыя цалкам аплочаная — 100 мільёнаў рублёў мы ўнесьлі. Але каб мы ведалі, што будуць такія цэны, ніхто з нас не будаваўся б, не пайшоў бы ў гэты каапэратыў. Таму што плянавалася фінансаваньне зусім інакшае. А то атрымліваецца, што двухпакаёвая кватэра ў вёсцы каштуе 515 мільёнаў рублёў — 60 тысяч даляраў. На вёсцы, удумайцеся! Ды мы згодныя нават на гэта, толькі каб хоць працэнты былі адпаведныя. Каб была рэальная сума, якую можна сплаціць з заробку».

Удзельнікі каапэратыву
Удзельнікі каапэратыву


Вяскоўцы кажуць, што паводле новых умоваў, вызначаных урадам, квадратны мэтар жыльля для іх выходзіць яшчэ даражэйшы, чым у райцэнтры. А з улікам падвышэньня крэдытнай плянкі, як гаворыць мясцовы жыхар Юры Жалевіч, мабыць, ідзе некалі абяцанае «збліжэньне» вёскі са сталіцай:

«У нас выходзіць, што за двухпакаёвую кватэру трэба плаціць дзесьці 5 мільёнаў 150 тысяч рублёў. Гэта на месяц і без „жыроўкі“. Трохпакаёвая кватэра — прыкладна 6 мільёнаў 700 тысяч рублёў, што проста нерэальна. Плюс яшчэ ўнесьці тыя 50 мільёнаў. Нават у Смаргоні квадратны мэтар каштуе 6 мільёнаў рублёў, у нас чамусьці — больш за 8 мільёнаў. У Менску можна пабудавацца за
1200 даляраў за мэтар, а тут — 1000. Калі сярэдні заробак у Менску ўжо больш за 700 даляраў, то, відаць, і па вёсцы трэба ўзьняць заробкі мільёнаў да 7. Ладна, мы згодныя: у нас маленькі, 18-кватэрны дом, таму будзе і дарагі квадратны мэтар. То бок мы нават згодныя на 8 мільёнаў 470 тысяч за мэтар. Але нас не задавальняюць працэнты. Мы хочам падысьці не пад пастанову Савету міністраў, а пад указ прэзыдэнта».

За двухпакаёвую кватэру трэба плаціць дзесьці 5 мільёнаў 150 тысяч рублёў. Гэта на месяц і без „жыроўкі“. Трохпакаёвая кватэра — прыкладна 6 мільёнаў 700 тысяч рублёў
Старшыня каапэратыву Натальля Сафронава кажа, што ў спробе атрымаць дапамогу людзі паэтапна прайшлі «Беларусбанк», кіраўнікоў Смаргонскага райвыканкаму і высокіх начальнікаў у Горадні, раённае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва, структуры дзяржкантролю, трапілі на прыём да свайго «народнага абраньніка» — дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валерыя Кокаша. Хадакоў усюды абнадзейвалі, што пытаньне з шэрагу тых, які вырашаюцца, але воз і цяпер там:

«Згодна з пастановай „Беларусбанку“ № 10.23, крэдытная лінія ў нас павінна была адкрывацца ў лютым, за месяц да пачатку будаўніцтва. Аднак кошты на кватэры нам далі толькі 7 сакавіка. І мы ніяк не маглі яе адкрыць, нават калі б вельмі хацелі. То бок яшчэ ў студзені быў вядомы квадратны мэтар, але нам яго не прадставілі. Мы заплацілі 14 студзеня, павінна ўжо была адбыцца экспэртыза, што на падставе разьлікаў будзе крэдытаваньне. Але мы пра рэальны кошт даведаліся толькі ў сакавіку. Цяпер ня ведаем, як тут чаго дабіцца. Дом, дарэчы, пачалі будаваць летась, у сьнежні, нават пры канцы лістапада. Першы фундамэнт пад нуль выгнаны, камунікацыі пракладзеныя, але выходзіць, што далейшы яго лёс невядомы. Няўжо так праблематычна ў чымсьці дапамагчы, каб давесьці да ладу нейкі адзін 18-кватэрны дом? Тым больш калі яны самі ўсё прафукалі. Гэта ж ня мы прыдумалі. Крыўдна, шкада. Цяпер вось глядзім, як стаяць гэтыя руіны».

Не паразумеўшыся зь дзяржаўнымі структурамі, забудоўшчыкі зьвярнуліся да смаргонскага праваабаронцы Алеся Дзергачова. Зь яго дапамогай падрыхтаваны ліст у адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай даць ацэнку таму, як дзяржаўныя ведамствы «падымаюць вёску».

Алесь Дзергачоў: «У пастанове Савету міністраў напісана, што ільготны крэдыт даецца, зыходзячы з 4 мільёнаў 600 тысяч рублёў за квадратны мэтар. Але рэальна мэтар каштуе звыш 8 мільёнаў, што ледзь не ўдвая больш. На астатняе, кажуць, бярыце крэдыты пад 14–16% — то бок на суму, якая перавышае ліміт. На што людзі адказваюць: у нас заробкі 3–3,5 мільёна рублёў, і мы ня можам нават паводле банкаўскіх патрабаваньняў узяць крэдыт. Гэта значыць, банк ня можа даць крэдыт, бо ў іх заробкі маленькія. У выніку трапілі ў замкнёнае кола: вольных грошай не хапае, а крэдыт ня могуць узяць. Дый атрымліваецца такі крэдыт, што трэба больш чым па 5 мільёнаў рублёў плаціць кожны месяц. Напісалі заяву ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб там скаардынавалі ўсе міністэрствы і вырашылі пытаньне крэдытаваньня для такіх вось сельскіх „каапэратараў“. Тым больш, у Беларусі вельмі мала каапэратываў, якія будуюцца ў сельскай мясцовасьці. На Гарадзеншчыне такі ўвогуле толькі адзін».

Тым часам 18 сем’яў залесцаў, якія хочуць, але з-за фінансавай нястачы ня могуць займець уласны кут, вымушаныя чакаць — альбо рэзкага падвышэньня заробкаў, альбо большай даступнасьці крэдытаў:

«Няма ў нас сталых людзей, пэнсіянэраў. У асноўным да 40 гадоў, толькі два чалавекі крыху старэйшыя. Астатнія, вось паглядзіце, маладыя стаяць, каму няма дзе жыць. Літаральна ўсе на кватэрах. У горадзе даўно ўжо пабудаваліся б, а вёску заганяюць у такое становішча. У Смаргоні ўзьвялі два мікрараёны, а ў Залесьсі ня могуць адужаць адзін дом. Калі мы абурыліся непад’ёмнымі 50 мільёнамі першага ўзносу, нам параілі: як няма грошай, то можна ў банку ўзяць — пад 41% на пяць гадоў. Выходзіць яшчэ каля двух з чымсьці мільёнаў штомесяц. Гэта плюс да тых 5 мільёнаў, якія трэба плаціць за саму кватэру. То бок трэба зарабляць пад 10 мільёнаў. Але каб былі такія заробкі, то навошта мне тады браць такую вялізную суму? Навошта мне пры добрым заробку крэдыт увогуле? Але ж мы праходзілі як льготная катэгорыя, каб на чалавека не было 3 мільёны рублёў».

800 даляраў штомесяц за трохпакаёўку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00
Наўпроставы лінк


Сярэдні кошт тыпавога дома складае 100 тысяч даляраў, пры тым, што рамонту ён патрабуе практычна адразу ж пасьля ўрачыстай здачы. Але галоўнае, што прыватызаваць гэтую нерухомасьць практычна немагчыма — для дамоў, пабудаваных у аграгарадках паводле ўказу прэзыдэнта, парадак прыватызацыі іншы. Да таго ж з улікам «навізны і добраўпарадкаванасьці» іхні сабекошт параўнальны са сталічным жыльлём, таму дзешавей набыць кватэру ў райцэнтры. Па сутнасьці, аграгарадкі — прататып арэнднага жыльля, якое пачало ўзводзіцца ў Менску: не сваё і дорага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG