Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бульбаш-хол» зьмяніў назву і гатовы добраўпарадкаваць Курапаты


Такую інфармацыю паведаміў Радыё Свабода начальнік управы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі.

Вось як адказаў ён на пытаньне, ці гатовы ўладальнік скандальнай забудовы ўдзельнічаць у добраўпарадкаваньні тэрыторыі Курапатаў:

«Ён гатовы і грошы даць, і дапамагаць фізычна. Адзінае, што на сёньняшні дзень ані „Бульбаш-холу“, ані мне асабіста не зразумела: а з кім супрацоўнічаць? Бо там некалькі грамадзкіх ініцыятываў, якія я б не сказаў, што ў розныя бакі цягнуць, але... напэўна, трэба нейкі каардынуючы орган, каб было зразумела, што робяць адны, што робяць іншыя. Каб гэта ўкладалася ў лягічны кантэкст. Тады б праблемаў не было, і той жа „Бульбаш-хол“ (я іх умоўна так называю, бо яны ўжо не „Бульбаш-хол“) прымаў бы ўдзел у гэтай справе. Яны гатовыя, яны зацікаўленыя. Больш за тое — іх ніхто не абавязваў, але яны самі вось гэтую зону паміж сваёй забудовай і лесам даглядаюць, прыбіраюць. Вось нядаўна сьмецьце адтуль вывезьлі, якое за зіму туды навезьлі».

Радыё Свабода: «А як яны цяпер называюцца?»

Ігар Чарняўскі: «Пакуль што ніяк, нават ня ведаю. Яны павінны ў Міністэрства культуры прадставіць анатацыю па дэталёвым пляне. Тады мы будзем бачыць, як яны называюцца. Назва, можа, і ёсьць, але пакуль у нас ня зьявіцца афіцыйнага ліста, то як мы можам іх назваць?»

Радыё Свабода: «Яны ж хацелі ўжо ў траўні адчыняцца. Адчыняюцца?»

Ігар Чарняўскі: «Ня ведаю, пакуль ніякіх дакумэнтаў не было».


Змаганьне з «Бульбаш-Холам»


Чатыры жылыя дамы забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» павінны быць вынесеныя за тэрыторыю ахоўнай зоны ўрочышча Курапаты.

Раней Менскі райвыканкам прыняў пастанову аб распрацоўцы праекту дэталёвага плянаваньня тэрыторыі ў раёне ўрочышча Курапаты. У выніку будуць удакладненыя межы ахоўных зонаў Курапатаў і тэрыторыя забудовы каля ўрочышча. Такім чынам, павінен вырашыцца і лёс забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол». Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што гэты комплекс неабходна дэмантаваць.

Парушэньне межаў гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Курапаты» пры будоўлі забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» было выяўлена яшчэ ў лістападзе 2012 году.

Аднак працы на будаўнічай пляцоўцы забаўляльнага цэнтру "Бульбаш-хол"аднавіліся ў красавіку.

Даведка «Свабоды»


Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG