Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі Плёсаўскі акіян


Паводка ў Гомелі затапіла ня толькі гарадзкія мікрараёны Якубоўка і Манастырок, але і шматлікія лецішчы гараджанаў на правым баку ракі Сож. У садовых таварыствах «Плёсы-1» і «Плёсы-2» у вадзе апынуліся звыш 300 дамоў — у шэрагу зь іх стала жывуць гараджане.

Дабрацца да Плёсаў цяпер можна на лодцы альбо дызелем па чыгунцы. Аднак ня ніякай гарантыі, што ад чыгункі гаспадар пешшу дабярэцца да свайго лецішча. Толькі зь дзесяткак дамоў у колішняй вёсцы Плёсы стаяць на пагорку «сухімі», астатнія — «плаваюць».

Жыхар абласнога цэнтру Ўладзімер з жонкай здалёк паглядзелі на сваё лецішча, і вяртаюцца назад на чыгуначны прыпынак з аднайменнай назвай «Плёсы».

Уладзімер: «Бяз лодкі паглядзелі на плот, на ваду — і вярнуліся».

Лецішча Сяргея Асмалоўскага месьціцца на ўзвышшы, у сушэйшай частцы Плёсаў: «Дваццаць шостага красавіка а 19-й гадзіне тут яшчэ было суха. А 27-га раніцай вада прыйшла валам літаральна на вачах. Такой вады за два дзесяцігодзьдзі не было. Разы тры ці чатыры падтапляла, але сёлета ўжо па максымуму за маіх дваццаць пяць гадоў, якія я тут на агародах ваюю».

Шкоды паводка нарабіла — і хатам, і гародам, бо, як кажа Асмалоўскі, у нізінах вада паднялася на тры мэтры. А шмат хто пасадзіў нават бульбу, маючы спадзеў на ўзьведзеную сёлета блізу Старой Валатавы ахоўную дамбу:

«Калі б, канечне, валатаўскую дамбу не прарвала, то было б суха. А так дамба ня вытрымала — тры мэтры пад’ём вады ў асобных нізінах».

Некаторыя дачнікі лічаць, што ахоўную дамбу гарадзкія ўлады насыпалі ў Плёсах, як кажуць, па-хуткаму, і яна не магла вытрымаць наступ вады: узровень яе ў Сажы сёлета перавысіў 6,5 мэтра — пры пяцімэтровай небясьпечнай мяжы.

Прынамсі, пра гэта кажа й спадарыня Тамара з вуліцы Азёрнай:

«Ну, гэта ня дамба. Яны пачалі вазіць толькі пясок ды гліну. Гэта несур’ёзна. Вада рванула напоўніцу — размыла ўсё. Дамбу трэба рабіць так, каб былі валуны, мяшкі з пяском, шчэбенем, каб усё замацавалася. А тое, што яны зрабілі ў апошні момант — вазілі, навазілі шмат, але гэта ваду не стрымала — яна ўсё размыла. Вялікі акіян у нас — вялікі Плёсаўскі акіян».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG