Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў: Расея закрыла «растваральны бізнэс»


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

Новы крэдыт з Масквы Менск атрымае толькі пад расейскія праекты ў Беларусі.

Крэдытныя рэсурсы могуць быць выдзеленыя Беларусі на мадэрнізацыю інтэграцыйных праектаў. Такое меркаваньне ў інтэрвію БелаПАН выказаў амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў.

Спадар Сурыкаў гэтак пракамэнтаваў зварот беларускіх уладаў да Расеі з просьбай даць крэдыт на 2 мільярды даляраў:

«Расейскі бок, вядома, разгледзіць пытаньне выдзяленьня рэсурсаў Беларусі, калі гэта пойдзе на мадэрнізацыю інтэграцыйных праектаў, прапанаваных Беларусьсю. Вось на гэтыя праекты можна знайсьці грошы, а проста так атрымаць іх будзе больш складана», — адзначыў Сурыкаў.

Пры гэтым ён удакладніў, што варыянты прадстаўленьня крэдыту Беларусі могуць быць рознымі:

«Якім чынам можа быць прадстаўлены гэты крэдыт — на міждзяржаўным узроўні або па лініі банкаў — гэта іншае пытаньне. Але рэсурсы могуць быць вылучаныя для мадэрнізацыі таго бізнэсу, які прадугледжвае ўзаемавыгадны ўдзел і беларускіх, і расейскіх прадпрыемстваў», — мяркуе дыплямат.

Паводле Сурыкава, сумесныя праекты, на якія можа быць выдзелены крэдыт, расейскі бок ужо ўхваліў:

«Праекты, пра якія ідзе гаворка, на слыху, у іх ліку — стварэньне сумеснага прадпрыемства на базе МАЗа і КАМАЗа, разглядаюцца таксама праекты з удзелам Менскага завода колавых цягачоў, „Гродна-Азота“,» Інтэграла". Прадстаўнікі расейскага ўрада з гэтымі праектамі азнаёміліся, пагадзіліся, і рух ідзе. Праўда, не заўсёды сыходзімся ў пунктах гледжаньня, як гэтыя праекты рэалізаваць. Калі мы разглядаем сёньня магчымасьць вылучэньня крэдытных рэсурсаў Беларусі, мы глядзім перш за ўсё на гэтыя праекты«.

Разам з тым Сурыкаў заявіў, што шчыліны ў заканадаўстве для ажыцьцяўленьня «растваральнага» бізнэсу закрытыя, што прабелы ў заканадаўстве, якія дазвалялі ў 2012 годзе ажыцьцяўляць растваральна-разбаўляльныя схемы, ліквідаваныя.

Сурыкаў удакладніў, што ўрэгуляваньне пытаньня аб кампэнсацыі страт расейскага бюджэту, выкліканых існаваньнем такіх схем, знаходзіцца ў кампэтэнцыі кіраўніцтва Беларусі і Расіі.

«Нам важна было закрыць шчыліну ў заканадаўстве, якая дазваляла ажыцьцяўляць такія схемы. І гэта зроблена — са згоды казахстанскага, беларускага і расейскага бакоў», — зазначыў Аляксандр Сурыкаў.

Пры гэтым ён растлумачыў, што з-за магчымага аднаўленьня такіх схем паліўны балянс у 2013 годзе падпісваецца паквартальна.

«Чаму балянс у гэтым годзе падпісваецца толькі на квартал? Мы памятаем тэму экспарту нейкіх растваральнікаў, аб чым шмат гаварылася ў мінулым годзе. Яна ўзьнікла па ініцыятыве бізнэсу і зьявілася з-за прабелаў у заканадаўстве Мытнага саюза. Мы не маглі ўзгадніць аб’ёмы паставак расейскай нафты ў Беларусь на год, так як прабелы ў заканадаўстве патрабавалі ліквідацыі, і на гэта сышоў прыстойны час », — распавёў Сурыкаў.

Толькі ў красавіку 2013 года, удакладніў ён, былі ліквідаваныя прабелы ў заканадаўстве па гэтым пытаньні.

«На першы квартал мы ўзгаднілі аб’ём паставак нафты пры ўмове невыкарыстаньня гэтых схем, якія яшчэ маглі аднавіцца. На працягу другога квартала будзе абмяркоўвацца падпісаньне балянсу на другую палову года», — паведаміў Аляксандар Сурыкаў.

Паміж Беларусьсю і Расіяй дзейнічае пагадненьне, якое рэглямэнтуе мэханізм зьбіраньня экспартных мытаў на нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі Беларусі. Дакумэнт прадугледжвае, што Беларусь цалкам пералічвае ў расейскі бюджэт экспартныя мыты на нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты і экспартаваныя за межы Мытнага саюза.

Аднак да апошняга часу растваральнікі не ўваходзілі ў пералік тавараў, пры экспарце якіх Беларусь павінна была пералічваць пошліны ў расійскі бюджэт. На думку назіральнікаў, гэта акалічнасьць выклікала рэзкае павелічэньне экспарту Беларусьсю такой прадукцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG