Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейская грамадзкасьць Віцебску» выступіла супраць князя Альгерда


Праект помніка князю Альгерду ў Віцебску, фота http://news.vitebsk.cc/
Праект помніка князю Альгерду ў Віцебску, фота http://news.vitebsk.cc/

Празь 5 гадоў пасьля прапановы абласной адміністрацыі ўсталяваць у Віцебску помнік князю Альгерду раптам актывізавалася «расейская грамадзкасьць» — прынята рашэньне зьвярнуцца да ўладаў, каб гэтага помніка не было.

«Расейская грамадзкасьць», якая пратэстуе супраць усталяваньня помніка князю Альгерду — гэта «актывісты шэрагу арганізацый расейскіх суайчыньнікаў, прадстаўнікоў палітычных партый, казацтва, праваслаўнай грамадзкасьці і вэтэранаў вайны ў Аўганістане», перадае агенцтва REGNUM.

Князя Альгерда яны лічаць «літоўскім князем, знакамітым найперш уціскам і забойствамі яго праваслаўных сучасьнікаў, зьдзяйсьненьнямі шматлікіх вайсковых паходаў на Маскву». Таму вырашана зьвярнуцца да ўладаў, якія нібыта падтрымалі ініцыятыву, «высунутую ідэйнымі апанэнтамі». Бо «ўсталёўка гэтага помніка напярэдадні правядзеньня фэстывалю „Славянскі базар у Віцебску“ прывядзе толькі да пагаршэньня іміджу Беларусі ў Расеі».

Крытычныя заўвагі наконт усталёўкі помніка князю Альгерду ад імя «расейскай грамадзкасьці Віцебску» зьявіліся пасьля таго, як была абвешчана канкрэтная дата яго адкрыцьця — 26 чэрвеня 2013 году, гэта традыцыйны «Дзень горада», прымеркаваны да ўгодкаў вызваленьня Віцебска падчас Вялікай Айчыннай вайны (26 чэрвеня 1944 г.)

Між тым, помнік князю Альгерду мусілі ўсталяваць у Дзень горада яшчэ ў 2013 годзе. Тады вялося пра ўстаноўку і яшчэ двух помнікаў у Віцебску — легендарнай княгіні Вользе і Аляксандру Неўскаму. Аднак яшчэ падчас абмеркаваньня праектаў помнікаў віцебская грамадзкасьць не падтрымала ідэю ўшанаваньня апошніх двух асобаў: Аляксандар Неўскі ня мае прамога дачыненьня да гісторыі гораду, а княгіня Вольга зьяўляецца заснавальніцай Віцебску толькі паводле адной зь легендаў, якая, да ўсяго, супярэчыць рэальным гістарычным фактам.

Такім чынам, быў зацьверджаны толькі помнік князю Альгерду, сыну вялікага князя літоўскага Гедыміна, які пабраўся з дачкой віцебскага князя Яраслава і стаў ягоным наступнікам. І той праект некалькі разоў дапрацоўваўся, перш чым увасобіцца ў жыцьцё.

Для помніка ўжо зроблены пастамэнт — насупраць Уваскрасенскай царквы. І цяпер гэта — адзін з галоўных аргумэнтаў «расейскай грамадзкасьці»: агенцтва REGNUM паведамляе нават пра наяўнасьць нейкіх дакумэнтаў, «якія сьведчаць пра адмоўнае стаўленьне Беларускай праваслаўнай царквы да плянаў віцебскіх уладаў». Затое ўсталяваньне помнікаў Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе вітаецца «расейскай грамадзкасьцю», але рэалізацыя гэтых плянаў нібыта была «адкладзена віцебскімі ўладамі на няпэўны тэрмін пад ціскам празаходняй апазыцыі».

Абмеркаваньне пратэсту «расейскай грамадзкасьці актыўна вядзецца на інтэрнэт-сайце «Народныя Навіны Віцебску». Аўтары допісаў згадваюць, што нядаўняе ўсталяваньне помніка былому патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II на месцы загубы вуніяцкага сьвятара, сьвятога Язафата Кунцэвіча ўвогуле праводзілася без аніякага абмеркаваньня грамадзкасьцю. А некаторыя лічаць, што зварот «расейскай грамадзкасьці» можа стацца падставай для таго, каб віцебскія ўлады адмовіліся ад ідэі ўсталяваньня помніка князю Альгерду, дарэчы, падтрыманай колькі год таму і Аляксандрам Лукашэнкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG