Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарунак прэзыдэнта за чарнобыльскае малако не дайшоў да адрасата


Муж і жонка Кавальчукі
Муж і жонка Кавальчукі
Вёска Грыдні Нараўлянскага раёну — адна з тых, якую пасьля Чарнобыля выселілі і куды вярнуліся многія тутэйшыя жыхары. У красавіку 2000 году тут упершыню пабываў Аляксандар Лукашэнка і наказаў чыноўнікам ня тузаць больш вяскоўцаў: хочуць жыць — няхай жывуць. Нават выпіў паўшклянкі малака.

Вуліцы, на якой стаяў стол пад белым абрусам з кветкамі й пачастункам для прэзыдэнта, па сутнасьці, не засталося. Напачатку яе — толькі тры хаціны. Астатнія спэцыялізаванае прадпрыемства «Палесьсе» закапала ў дол.

Праз мэтраў чатырыста — зноў адна хата з жоўтым пясочкам праз вуліцу, далей — яшчэ адна. Хутары дый годзе.

77-гадовая Надзея Кавальчук кажа, што малака ад сваёй каровы для прэзыдэнта надаіла менавіта яна:

«У мяне тады карова была, і наша малако Лукашэнка піў. Тады ж прыяжджалі Лукашэнка й камісія. Я стол загадзя прыгатавала Лукашэнку, бо я ж не прыгатую, як ён прыедзе. Я ў хаце падрыхтавала, і на стале ўсё было. Прыехала камісія правяраць — усё на стале праверылі дый кажуць: у нас, у Менску, больш радыяцыі, як у вас. Яшчэ той, што правяраў, папіў малачка ды кажа: „Як я буду ехаць, то астатняе забяру з сабою“. А тады якісьці дожджык пайшоў ці што, дык ён хуценька паехаў. І засталося тое малако — ён не забраў».
У вёсцы Грыдні
У вёсцы Грыдні

Абапіраючыся на кіёчак, спадарыня Надзея выказвае словы падзякі кіраўніку дзяржавы:

«Лукашэнка прыехаў — няхай яму дасьць Бог здароўя, каб ён жыў і сьмерці не было, такі ён у нас добры, як родны баця — дык ён нас пакінуў: хочуць жыць — няхай жывуць. Ну і ўсё, так мы й засталіся. Ён, бедны, стараецца — вы ж бачыце па тэлевізары. А што ж можна зрабіць — столькі п’яніц разьвялося? Тут у гаспадарцы адзін дзед, ды я ня ведаю, што зь ім рабіць — гарэлку п’е. А ўсюды колькі п’яніц? Працаваць ня хочуць, а піць хочуць і смачна есьці. Дык што ён зь імі зробіць? Добры прэзыдэнт, добры!»

Маркоціцца, аднак, Надзея Піліпаўна з тае прычыны, што падарунак ад прэзыдэнта за сустрэчу ёй так і не ўручылі. Яна нават ня ведае, што гэта быў за падарунак:

«Прывезьлі мне падарунак. Была ў мяне суседка-бабуля — яна памерла ўжо — і дзед мой дома быў. Дык яны прывезьлі й запыталі: „Дзе баба?“ — „Навошта яна?“ — „Падарунак Лукашэнка пераслаў“. — „Баба ў лякарні. Дайце, мы перададзім альбо вязіце ў лякарню“. Дык не перадалі, забралі. І ніхто мне не перадаў. Ня моцна мне той падарунак і трэба, але ён жа ад прэзыдэнта быў. Няхай бы ён у мяне ў руках пабыў».

Муж Надзеі, у сваю чаргу, кажа, каб кіраўнік неяк прыпыніў цэны на харчы, бо яны пастаянна паўзуць уверх:

«Каб цэны ніжэй былі — на хлеб, малако, мяса, сала. Гарэлка, дык чорт яе бяры, без гарэлкі можна жыць».

Пра цэны згадвае й другі вясковец, Рыгор Бондар, які вярнуўся з жонкай у Грыдні зь Бешанковіцкага раёну:
Рыгор Бондар з «карміцелькай»
Рыгор Бондар з «карміцелькай»

«Вось я слухаў па тэлевізары, як кіраўнік гаварыў: няхай толькі хто паспрабуе падняць цэны на адзін працэнт. Сёньня ён гаварыў, а назаўтра прывозіць аўталаўка хлеб, і ён на паўтысячы даражэйшы. Быў 5 тысяч, а прывозяць — 5 тысяч 550».

Спадар Рыгор з жонкай Евай трымаюць гаспадарку. Лішкі малака й тварагу возяць у райцэнтар на продаж. Гаспадар кажа, што жонка вазіла ў Менск, дзе жывуць дзеці, вырашчаную бульбу, буракі й трускалкі на праверку:

«Сабрала гэта ўсё, павезла ў Менск і аддала ўсе на праверку ў лабараторыю. Там яны ўсё праверылі, бульбу і ўсё такое, і сказалі: можна есьці — не перавышае дапушчальныя ўзроўні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG