Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцалеў просіць дазволу на лячэньне за мяжой


Сяргей Марцалеў
Сяргей Марцалеў

Асуджаны за ўдзел у Плошчы-2010 Сяргей Марцалеў зьвярнуўся ў Партызанскі РУУС Менску з просьбай дазволіць яму выезд за мяжу.

«Я ў сваёй заяве ўказаў, што прашу дазволіць выезд для лекаваньня за мяжой, бо ў мяне хранічнае захворваньне. На жаль, пасьля пяці месяцаў сьледчага ізалятару яно абвастрылася. Маё знаходжаньне на стацыянары ў Беларусі нейкай пазытыўнай дынамікі не дало. Я прыклаў да сваёй заявы мэдычныя даведкі і распавёў, якія краіны я хацеў бы наведаць. Я пляную ў красавіку выехаць ва Ўкраіну, у траўні наведаць Польшчу і ў чэрвені адпачыць 14 дзён у падмаскоўным прафілякторыі», — заявіў Сяргей Марцалеў карэспандэнту Свабоды.

Ён просіць дазволіць выезд у пэрыяд з 1 красавіка да 28 чэрвеня.

Сяргей Марцалеў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Да суду 5 месяцаў ён адседзеў у СІЗА КДБ. Яму забаронена пакідаць тэрыторыю Беларусі, за ім вядзецца міліцэйскі нагляд.

Марцалеў: «Мяне наведваюць інспэктар па наглядзе крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, участковы і нарады патрульна-паставой службы. Рэгулярнасьць гэтых наведваньняў ніхто ня можа прадугледзець, бо іншы раз гэта бывае нават двойчы ў дзень, іншы раз значна радзей. Таксама ў пэўны час мяне выклікаюць у крымінальна-выканаўчую інспэкцыю „для тлумачэньня свайго ладу жыцьця“. То бок у мяне пытаюцца, як і за кошт чаго я жыву, і самае галоўнае, ці падтрымліваю я сувязь з раней асуджанымі».
У мяне пытаюцца, як і за кошт чаго я жыву, і самае галоўнае, ці падтрымліваю я сувязь з раней асуджанымі

Пэўны час крымінальна-выканаўчая інспэкцыя вельмі настойвала на тым, каб Сяргей Марцалеў уладкаваўся на працу дворнікам ці грузчыкам. Сяргей спрабаваў уладкавацца грузчыкам у дзьве гандлёвыя сеткі: «Эўраопт» і «Прадгандаль». Аднак там яго на працу не прынялі.

Сяргей Марцалеў не бярэцца прагназаваць, ці задаволяць улады яго просьбу пра дазвол на выезд за мяжу.

«Гэта ж палітычнае, а не прававое рашэньне. І я ня ведаю, у які бок дзьме вецер і куды павернецца флюгер цяперашняй чынавенскай адміністрацыі. Калі будзе тэндэнцыя да так званай лібэралізацыі, то, магчыма, мне гэты выезд дазволяць. Калі дачыненьні з ЭЗ ня будуць складвацца, што зразумела, то давядзецца заставацца ў Менску да канца тэрміну. Я хачу адзначыць, што ня маю намеру станавіцца палітычным уцекачом, бо гэта супярэчыць маім прынцыпам».

Раней крымінальна-выканаўчая інспэкцыя Партызанскага РУУС дазволіла выезд за мяжу асуджанай за Плошчу

жонцы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыне Халіп. У пэрыяд да 3 красавіка ёй дазволілі сустрэцца з мужам, а таксама наведаць рэдакцыю расейскай «Новой газеты». 6 сакавіка Ірына Халіп выехала зь Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG