Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падначаленая Саракашыша: Для яго мы ўсе былі «танькі-манькі»


СІЗА КДБ, дзе сядзяць колішнія кіраўнікі санаторыя «Беларусь»
СІЗА КДБ, дзе сядзяць колішнія кіраўнікі санаторыя «Беларусь»

У Сочы Аляксандар Лукашэнка ня толькі катаўся на лыжах, гуляў у хакей ды бясплённа чакаў сустрэчу з Пуціным. Як выявілася, ён там упарадкоўваў дзейнасьць санаторыя «Беларусь».

Новым дырэктарам яго прызначаны Ўладзімер Рыжанкоў, які кіраваў дэпартамэнтам гуманітарнай дзейнасьці ў Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, быў начальнікам мэдычнага ўпраўленьня комплексу «Мінск-Арэна». Як выявілася, ранейшы кіраўнік установы — грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш, а таксама ягоны намесьнік Аляксандар Кізім за гаспадарчыя правіны ўзяты пад варту. Чым не дагадзілі чыноўнікі прэзыдэнту?

У амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі ў Менску пацьвердзілі: адпаведныя службы дыппрадстаўніцтва праінфармаваныя адносна затрыманьня расейскага грамадзяніна Георгія Саракашыша, і цяпер вядзецца праца, каб забясьпечыць яго консульскай дапамогай. Ён, паводле зьвестак, утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ яшчэ ад сьнежня мінулага году. Прычыны затрыманьня не ўдакладняюцца, але ў амбасадзе схіляюцца да эканамічнага складніка — падчас падрыхтоўкі санаторыя «Беларусь» да зімовых Алімпійскіх гульняў-2014 Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта выявіла нестыкоўкі паміж выдаткаванымі і асвоенымі сродкамі. Пра гэта, не называючы прозьвішчаў, дакладаў Лукашэнку ягоны кіраўнік спраў Віктар Шэйман.

Некалькі гадоў адпрацавала пад кіраўніцтвам Георгія Саракашыша ў санаторыі «Беларусь» Любоў Голубева. Паводле рэкамэндацыі анколягаў пераехала ў Сочы з Магілёўшчыны, каб запаволіць рэцыдыў у хворай на рак сястры Валянціны. Менавіта пры Саракашышу на тэрыторыі здраўніцы пачалося будаўніцтва рэзыдэнцыі для Аляксандра Лукашэнкі, у выніку чаго з дамоў, прызначаных пад знос, прымусова былі адселеныя чатыры дзясяткі сем’яў — уключна зь сёстрамі Голубевымі. На думку суразмоўніцы, у нечым лягічна, што імклівая камэрцыялізацыя санаторыя прывяла да цяперашняй разьвязкі:

«Так, мы ведалі, што Саракашыш паехаў у Менск і больш не вярнуўся. Неўзабаве пайшла інфармацыя, што ўмяшаўся КДБ і цяпер ён пад вартай у Менску. Шчыра кажучы, дэталяў я ня ведаю, але з таго, што гаварылі ў нашым горадзе аўтарытэтныя людзі, вынікала: Саракашыш сядзіць, бо на кану вялікія грошы — парадку 20 мільёнаў даляраў. У нас усе гавораць, што ён проста не падзяліўся. Так, грошы браў, але не хацеў „расьпілоўваць“ з тымі, з кім трэба было. Ведаеце, гэта вельмі нагадвае справу Галіны Жураўковай, калі, памятаеце, буяла „Белая Русь“ ды ўсё астатняе. Прыбрала „ласыя кавалкі“, а не дзялілася. Думаю, што гэта амаль тое ж самае. А як будуць падзеі разгортвацца далей — мабыць, ніхто ня ведае».
У нас усе гавораць, што ён проста не падзяліўся

Спадарыня Голубева характарызуе былога начальніка як гаспадарніка, для якога ўласныя інтарэсы былі ўсё ж на першым пляне. Да таго ж, кажа яна, Георгі Саракашыш увесь час апэляваў да моцных тылоў на самым версе:

«Ён з той катэгорыі, для каго людзі „другога гатунку“ папросту не існуюць. Я ў гэтым пераканалася, калі пайшла разьбірацца, чаму нам зь сястрой даюць у якасьці кампэнсацыі пакой на дваіх у інтэрнаце. Пры тым, што сястра — інвалід ІІ групы, у яе рак пасьля чарнобыльскай аварыі. Мы з Чавусаў, у зоне пасьля катастрофы жылі 2 гады. Нам анколягі сказалі тэрмінова зьяжджаць, так мы апынуліся ў Сочы. Дык я кажу: паслухайце, мы сьпявалі, танцавалі, працавалі на ўсіх выбарах, перапісах. Вы лічылі нас такімі актывісткамі! Мы ўсю грамадзкую працу рабілі бясплатна. Абяцалі, што будуць дзьве лепшыя кватэры! І што ў выніку? На што ён абыякава кінуў: час мінуў, усё зьмянілася. Можа, кажу, проста людзі прыйшлі да ўлады іншыя? „Вы ўсе для мяне «танькі-манькі»“, — гэта ягоная каронная фраза ў дачыненьні да ўсіх перасяленцаў і да нас асабіста. Ягоная пагарда да тых, хто ўнізе. Ён быў перакананы: паколькі сябруе з тымі, хто наверсе, ніхто ніколі яго не кране. Ды я і сама дзівілася, што беларускія ўлады на яго ніяк не рэагавалі».

Іншы затрыманы ў кампаніі з Георгіем Саракашышам — ягоны былы намесьнік Аляксандар Кізім. Любоў Голубева згадвае, што Кізім асабіста камандаваў зносам нерухомасьці на тэрыторыі санаторыя «Беларусь», чым, дарэчы, нямала ганарыўся:

«Гэта той самы Кізім, які фактычна нас высяляў. Ён калі ў Сочы прыехаў, першым чынам заявіў — мяне асабіста паслаў сюды сам Лукашэнка. І, маўляў, калі я выселю вас з тэрыторыі санаторыя, то тады не дарэмна ем беларускі хлеб. Прычым сказана гэта было вельмі ўрачыста, узьнёсла. Ведаеце, сам па сабе ён таварыш неблагі, але, зноў жа, адносіцца да той катэгорыі чыноўнікаў, якім калі загад далі, то яны будуць ісьці без аглядкі, падмінаючы пад сябе людзей пачкамі. Я яму тады, дарэчы, сказала: вы, пэўна, хочаце праславіцца? Дык урэшце праславіцеся, абавязкова. Ён жа, канечне, ведаў, што зьявіўся зь місіяй, якая нас зусім ня ўзрадуе. Бо, як я сама яму сказала, так зь людзьмі нельга абыходзіцца — мы ж таксама беларусы, не апошні ў гэтым сьвеце народ. На што ён зь непрыхаванай пагардай адказаў: „Ды які вы народ?..“»
На што ён зь непрыхаванай пагардай адказаў: „Ды які вы народ?..“

Любоў Голубева таксама зьвяртае ўвагу на статус Георгія Саракашыша — расейскі грамадзянін, які высілкамі кіраўніцтва Беларусі атрымаў дыпляматычны ранг:

«Ён — так, грамадзянін Расеі, хоць, можа, урэшце ўзяў яшчэ і беларускае грамадзянства. Але сам неаднаразова хваліўся, што яго асабіста Лукашэнка ўвёў у дыпляматычны статус. То бок казаў, што атрымаў статус дыплямата, бо вельмі пасьпяхова працаваў і Лукашэнку быў вельмі да душы. Ну і, думаю, такі чалавек умеў сябраваць з усім бліжэйшым атачэньнем прэзыдэнта. Прынамсі, калі я аднойчы падышла да аднаго са статусных землякоў-беларусаў і ён сам пачаў — маўляў, што ў вас такое з Саракашышам, чаму ён так з вамі паступіў, што ўсім кватэры даў, а вам толькі інтэрнат — то я „падштурхнула“: вы як уплывовы зямляк, можа, і дапамаглі б разабрацца ў гэтай справе, пайсьці нам насустрач? Сястра-інвалід, столькі гадоў адпрацавалі на карысьць агульнай справы. На што ён ня так ужо горача адказаў: ведаеце, землякоў у мяне шмат, а вось Саракашыш мне — сябра. Тады, дарэчы, у яго ў сябрах былі вельмі многія набліжаныя да ўлады. Цяпер вось паглядзім, як ягоныя сябры яму дапамогуць...»

У сыстэме санаторыя «Беларусь» Георгі Саракашыш працаваў ад пачатку 1990-х — спачатку ў рангу галоўнага лекара, потым намесьніка дырэктара, пакуль урэшце не ўзначаліў прэстыжную санаторную ўстанову.

7 лютага на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы Віктар Шэйман выкрыў факты карупцыі ў будаўнічай галіне ў структуры Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, але не назваў канкрэтных адрасоў. Толькі падкрэсьліў, што перадусім фінансавыя парушэньні характэрныя для аб’ектаў за межамі Беларусі. Што да Сочы, то ад 2009 году ў санаторыі «Беларусь» і ў комплексе адпачынку «Красная паляна» вядуцца маштабныя будаўнічыя працы. Адна з мэтаў — атрымаць максымальныя дывідэнды на прыёме гасьцей зімовай Алімпіяды-2014.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG