Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё змоўкне ў хатах і турмах


Пасьля адключэньня праваднога радыёвяшчаньня беларускія турмы і вясковыя хаты могуць застацца без асноўнай крыніцы інфармацыі.

Кіраўніцтва «Белтэлекама» прызнала, што правадное радыёвяшчаньне састарэла, і паабяцала яго адключыць да канца 2014 году. Таксама там спасылаюцца на нізкую рэнтабэльнасьць гэтай паслугі. Адключаць пачнуць з Гарадзенскай і Менскай абласьцей.

Як тлумачаць у «Белтэлекаме», уладальнікам радыёкропак давядзецца набыць УКВ-прымачы, з дапамогай якіх можна будзе слухаць дзяржаўнае радыё. Тым часам на прадпрыемстве «Прамсувязь» карэспандэнту «Свабоды» сказалі, што такі прымач яшчэ распрацоўваецца. А ў мінулым годзе выпусьцілі 1574 гучнагаварыльнікі для прыёму перадач праваднога вяшчаньня. Попыт на іх ня зьменшыўся і сёлета.

Як будзе выглядаць радыёвяшчаньне ў турмах і што яго заменіць, у «Белтэлекаме» карэспандэнту «Свабоды» не патлумачылі. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў сказалі, што ў гэтым пытаньні пакуль няма ніякіх рашэньняў ці распараджэньняў, усё працуе ў ранейшым рэжыме.

Як распавёў былы вязень Андрэй Бандарэнка, у кожнай камэры за кратамі ёсьць радыёпрымач, да якога можа дацягнуцца рукой, каб зьменшыць ці павялічыць гук. Слухаць яго можна ў дазволены час паводле распарадку. А нядаўна палітвязень Мікалай Статкевіч напісаў у лісьце, што слухаў па радыё прэс-канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Палітвязьні кажуць, што ахвотней чытаюць газэты.

Заява кіраўніка «Белтэлекама» выглядае сэнсацыйнай, бо яшчэ ў жніўні мінулага году міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі запэўніў журналістаў, што Беларусь ня будзе адмаўляцца ад праваднога вяшчаньня. «Тое, што ёсьць, разбураць ня трэба. Правадное радыё запатрабаванае насельніцтвам», — сказаў ён. Каля 50% хатніх гаспадарак у Беларусі абсталявана радыёкропкамі. А інфраструктуру можна выкарыстоўваць ня толькі для перадачы радыёсыгналаў, але і для паслугаў інтэрнэту і кабэльнага тэлебачаньня.

Разам з тым у гараджан радыёкропкі не карыстаюцца папулярнасьцю. Да прыкладу, у Лідзе з 20 тысяч радыёкропак, якія аплачваюцца, рэальна падключана толькі каля 4 тысяч.

У новабудоўлях, тым ня менш, дагэтуль мантуюць радыёкропкі. Многія ад іх адмаўляюцца, дзеля гэтага дастаткова напісаць заяву ў Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтар. Жыхары новабудоўляў звычайна такіх дамоваў наагул не заключаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG