Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скульптара Лойку за родную мову пасадзілі на 5 сутак

абноўлена

Гэнік Лойка. Аўтар фота — Арцём Канцавы
Гэнік Лойка. Аўтар фота — Арцём Канцавы

Скульптара Гэніка Лойку затрымалі пасьля таго, як ён правёў акцыю ў абарону беларускамоўнага навучаньня ў менскай гімназіі № 4.

17:55 Судзьдзя Людміла Лапо прызнала Гэніка Лойку вінаватым у парушэньні закону аб масавых акцыях і засудзіла да 5 сутак арышту. На падставе сьведчаньняў міліцыянтаў яна напісала ў пастанове, што спадар Лойка «выкрыкваў «Гавары па-беларуску!» і «Трэба змагацца за беларускую мову».

17:00 Судзьдзя сышла ў дарадчы пакой для вынясеньня рашэньня па справе.

16:30 Суд над Гэнікам Лойкам пачаўся. Судзьдзя апытвае сьведкаў, у ролі якіх выступаюць міліцыянты.

Гэнік Лойка адстойвае беларускую мову і ў судзе. На пачатку суду ён запатрабаваў, каб працэс вёўся па-беларуску:

«Хачу ў Дзень роднай мовы чуць у судзе дзяржаўную беларускую мову, я маю права, каб дзяржава ў судзе да мяне зьвярталася па-беларуску».

Але судзьдзя Людміла Лапо адхіліла гэтае патрабаваньне падсуднага, заявіўшы, што «ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы». Апазыцыйны палітык Юрась Беленькі публічна назваў гэта парушэньнем Канстытуцыі, за што быў выдалены з залы.
Гэнік Лойка ў судзе
Гэнік Лойка ў судзе

Судзьдзя запатрабавала, каб Гэнік Лойка прадставіўся суду па-расейску, на што падсудны адказаў, што не разумее гэтай мовы.

Судзьдзя Лапо таксама прымушала гаварыць па-расейску і адвакатку. Жонка Лойкі Алена прапанавала, што будзе выступаць у ролі перакладчыка, але судзьдзя адхіліла і гэтую прапанову. Пазьней судзьдзя забараніла адвакату выступаць у працэсе па-беларуску. Адвакат у адказ на гэта заявіла адвод судзьдзі за тое, што тая адмаўлялася прымаць паказаньні па-беларуску, але адвод таксама быў адхілены.

Гэніка Лойку абвінавачваюць у парушэньні заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Сьведкі-міліцыянты Аляксей Кавалеўскі і Міхаіл Дубоўскі, якія яго затрымлівалі, заявілі суду, што «ён публічна дэманстраваў недавер да дзяржаўных органаў улады».
Гэнік Лойка ў судзе
Гэнік Лойка ў судзе


14:40 Гэніка Лойку прывезьлі ў суд

Скульптара Гэніка Лойку прывезьлі ў суд Фрунзэнскага раёна горада Менску, міліцыянты завялі яго ў кабінэт судзьдзі.

Судзіць Лойку будзе Людміла Лапо. Адвакат падсуднага знаёміцца з матэрыяламі адміністратыўнай справы.

Судзьдзя Лапо была адной з 84 судзьдзяў, якія каралі адміністратыўным арыштам удзельнікаў дэманстрацыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году.

Судзіла яна маладафронтаўцаў, удзельнікаў маўклівых акцыяў пратэсту, прызнала вінаватым верніка-баптыста Філіпа Кірдуна, які адмовіўся здаць міліцыі адбіткі пальцаў.

Гэнік Лойка бароніць беларускую мову
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:19 0:00


11:45 Гэніка Лойку будуць судзіць.

Адміністрацыйны працэс мае адбыцца ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску перад абедам ці адразу пасьля абеду.

Толькі праз паўтары гадзіны пошукаў арыштаванага мастака Гэніка Лойкі ва ўправе міліцыі Фрунзэнскага раёну Менску ягоная жонка змагла даведацца, дзе ўтрымліваюць яе мужа. Ён знаходзіўся ў гэтым жа будынку, але дзяжурны і іншыя міліцыянты нічога не маглі сказаць Алене. Толькі калі яна выпадкова трапіла да дзьвярэй кабінэту, дзе трымаюць затрыманых, міліцыянт усё ёй распавёў.

«Мне нарэшце паведамілі, што ён затрыманы ў міліцыі, што ўбачыць яго я не магу, што складзены пратакол і яго павязуць у суд на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча,1/2. Сказалі, што калі пасьпеюць, то суд пройдзе да гадзіны, калі не — то пасьля абеду», — сказала Свабодзе Алена Лойка. Яна зьбіраецца трапіць на судовае пасяджэньне.


11:15 Прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі ня змог патлумачыць Свабодзе, дзе цяпер трэба шукаць затрыманага міліцыяй мастака Гэніка Лойку:

«Я таксама ня ведаю, дзе ён. Мяне не інфармуюць. Нічым вам дапамагчы не магу».


10:20 Жонка Гэніка Лойкі піша заяву пра зьнікненьне мужа

Жонцы затрыманага супрацоўнікамі міліцыі ў чорным мастака Гэніка Лойкі ў Фрунзэнскім РУУС Менску не змаглі паведаміць, дзе знаходзіцца яе муж. Алена Лойка распавяла «Свабодзе», пабываўшы ва ўправе міліцыі:

«Калі яго прывязуць, невядома, каардынаты таварышаў, якія займаліся гэтым захопам, таксама невядомыя, сказалі толькі, што яго, магчыма, даставілі ў аддзел міліцыі па вуліцы Прытыцкага,108 і далі тэлефон».

Аднак і ў гэтым пастарунку паведамілі, што Гэніка Лойкі ў іх няма.

«Дзе ён знаходзіцца ўжо трэцюю гадзіну, невядома. Я зараз пайду да начальніка міліцыі Фрунзэнскага раёну і напішу заяву, што зьнік мой муж».


9:40 Родныя шукаюць Гэніка Лойку

Жонка затрыманага мастака Алена і сястра Валянціна спрабуюць знайсьці Гэніка Лойку, які быў затрыманы сёньня супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным пасьля пікету ў абарону беларускай мовы. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго завезьлі ў Фрунзэнскі РУУС Менску, але пацьверджаньня гэтаму ў міліцыі няма. Невядома таксама, у чым яго абвінавачваюць.

Сястра Гэніка Лойкі Валянціна, якая была сьведкам затрыманьня, распавяла «Свабодзе»:

«Пасьля пікету мы ішлі з Генадзем разам зь яшчэ з адной кабетай, у якой у 4-й гімназіі вучыцца дзіця, падышлі да гастраному, а там да нас падбег хлопец у чорных куртцы, штанах і шапцы ды стаў пасярод дарогі. Мы аглянуліся назад, а ззаду яшчэ адзін у чорным падбег. Яны схапілі Гэніка за рукі, мы з гэтай кабетай закрычалі, што нападаюць бандыты, але яны толькі мацней скруцілі яго, схапілі за валасы так, што ён заенчыў. Па тэлефоне ён пасьпеў паведаміць жонцы, што затрымліваюць, але яму скруцілі руку, каб забраць тэлефон. Гэтыя людзі ў чорным паказалі нейкае пасьведчаньне, але на адну сэкунду, мы не пасьпелі нават прачытаць прозьвішча. Пазьней прыехала шэрая міліцэйская машына, куды Гэніка і зацягнулі. Людзі ў чорным сказалі, што брат даведаецца, за што яго затрымалі, ужо ў міліцыі».


8:40 Сястра Гэніка Лойкі паведаміла, што яго адвезьлі ў пастарунак міліцыі Фрунзэнскага раёну Менску.

Ля ганку гімназіі Лойка разгарнуў плякат: «Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй зь беларускай мовай навучаньня».

За гэтымі дзеяньнямі назіралі міліцыянты.

Гэнік Лойка
Гэнік Лойка


Журналістам Лойка заявіў, што адбываецца русіфікацыя адукацыі. За прыклад ён прывёў той факт, што летась у статут гімназіі № 4 былі ўнесеныя зьмены, якія дазваляюць выкладаць на расейскай мове.

Да Лойкі выйшла намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Алена Мікалайчык. Яна папярэдзіла Гэніка пра тое, што ён ладзіць несанкцыянаваную акцыю.



Празь нейкі час Лойка скончыў пікетаваньне і сышоў.

Пазьней ён пазваніў карэспандэнту Свабоды і пасьпеў сказаць толькі адно слова — «затрымалі». Праз слухаўку можна было чуваць, як міліцыянты скручваюць Гэніка Лойку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG