Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі зьнікне беларуская мова? — Ніколі (дадалося відэа, тэкст)

абноўлена

У чарговым выпуску «Свабода бяз гальштукаў» пэрспэктывы і стан беларускае мовы абмяркоўвалі Сяргей Абламейка, Сяргей Дубавец і Франак Вячорка.

21 лютага ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень матчынай мовы. У Беларусі, апрача тытульнай нацыі — беларусаў, жывуць расейцы, палякі, украінцы і прадстаўнікі іншых народаў. Але ні расейскай, ні польскай, ні ўкраінскай мове зьнікненьне не пагражае. Затое, паводле экспэртаў ААН, пад пагрозай зьнікненьня знаходзіцца мова беларуская.

У чарговым выпуску перадачы «Свабода бяз гальштукаў» гутарка пра сёньняшні стан беларускай мовы, пра яе пашырэньне ў інтэрнэце і сярод моладзі, а таксама пра моўную будучыню Беларусі.

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць Сяргей Дубавец, Франак Вячорка і Сяргей Абламейка.




ВЫТРЫМКІ З ПРАГРАМЫ:


Абламейка: Сяргей, якая самая пазытыўная для вас падзея, зьвязаная зь беларускай мовай, адбылася ў апошні час?

Дубавец: Не адбылося ніякай пазытыўнай падзеі ні для мовы, ні для мяне асабіста ў моўным сэнсе. Можна, вядома, гаварыць пра тое, што ёсьць людзі, якія спараджаюць пазытыўны настрой у гэтым сэнсе, ёсьць асяродкі, якія гадуюць дзяцей, пішуць сучасную паэзію, але, на жаль, на агульны стан гэта ніяк не ўплывае. Бо агульны стан апошнія 20 гадоў — гэта стан павольнай дэградацыі.

Абламейка: А для вас, Франак?

Вячорка: На мой погляд, вялікія перамены адбываюцца праз дробязі. Я б хацеў пералічыць пяць фактаў, якія, на мой погляд, пазытыўна адлюстроўваюцца на стане беларускай мовы. Адна з апошніх падзеяў, гэта тое, што газэта «Аргументы и факты» ўвяла беларускамоўныя старонкі. Наколькі гэта доўга працягнецца — невядома. Шалёная папулярнасьць паштовак на беларускай мове, якія робіць прадпрымальнік Шык. Беларуская забягалаўка ў цэнтры Менску, якая абслугоўвае беларусаў па-беларуску, і калі ты прыходзіш і сам пачынаеш размову па-беларуску, гэты прадавец хот-догаў і аладак робіць зьніжку. Ну і дзьве контравэрсійныя. Гэта перамога ўнучак Лукашэнкі ў конкурсе беларускамоўных казак і тое, што беларускамоўныя статуты ў войску набываюць такую самую сілу, як і статуту расейскамоўныыя.

Абламейка: Ну і само сабой напрошваецца наступнае пытаньне. А якая самая адмоўная падзея ці ўражаньне для вас ў апошні час было зьвязана зь беларускай мовай?

Вячорка: Тое, што ў дзень роднай мовы ў Менску асудзілі скульптара Геніка Лойку, які выйшаў да 4-й менскай гімназіі з плякатам «Гэта была апошняя беларуская школа». Яго асудзілі за тое, што ён выказаў сваю грамадзянскую пазыцыю аб тым, што ён супраць пераводу школаў на расейскую мову навучаньня. Я лічу, што гэта нашмат больш і нашмат важней, чым нейкія пазытыўныя дробныя ініцыятывы асобных людзей.

Абламейка: Сяргей, летась вы сталі адным з удзельнікаў моўнай дыскусіі. Адзін з бакоў гэтай дыскусіі сьцьвярджаў, што ня трэба баяцца ствараць беларускую культуру на расейскай мове. Ну а вы былі сярод праціўнікаў такога падыходу. Наколькі я зразумеў вашу пазыцыю, вы сьцьвярджалі, што беларускі народ будзе жывы датуль, дакуль ён будзе карыстацца беларускай мовай. Патлумачце, калі ласка, коратка сваю пазыцыю.

Дубавец: Я абсалютна не турбуюся за лёс беларускай мовы, таму што, на маю думку, мова нікуды ня зьнікне. Яна будзе ў кнігах, яна будзе ў запісах Акадэміі навук, будзе захоўвацца і вывучацца як, напрыклад, лаціна. Праблема ня ў мове, праблема ў нас саміх, якія бяз гэтай мовы проста перастанем быць беларускім народам, а станем нечым накшталт насельніцтва якой-небудзь Саратаўскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі. На жаль, праводзіцца такая палітыка. Я б нават не называў яе выключна палітыкай русыфікацыі, бо трэба глядзець глыбей. Тая сыстэма ўлады, якая сёньня ёсьць у Беларусі, яна не зацікаўленая ні ў якім аб’яднаньні грамадзян Беларусі, а мова ёсьць першы аб’яднаўчы інструмэнт для стварэньня нефармальных суполак і больш шырокіх супольнасьцяў, што мы бачылі на прыкладзе 30-гадовай даўніны, калі нефармальны беларускамоўны рух прывёў да незалежнасьці краіны. Сёньня такі нефармальны рух немагчымы, таму што за стварэньне незарэгістраваных арганізацый і дзейнасьць ад іх імя пагражае крымінальная адказнасьць. А мова — гэта было б тое, што нас злучала б у супольнасьць.

Абламейка: Некалі ў Заходняй Беларусі некаторыя маладыя беларусы вызнавалі так званы валенрадызм. Напрыклад, Барыс Рагуля, Усевалад Родзька і некаторыя іншыя. Маецца на ўвазе не процістаяньне пануючай сыстэме, але інтэграцыя ў яе і ўжо адстойваньне свайго ўнутры пануючай сыстэмы. Ці меў бы сэнс для беларускай моладзі і для беларушчыны валенрадызм сёньня?

Дубавец: Безумоўна, усялякае дзеяньне, скіраванае на пашырэньне беларушчыны, мае сэнс. Я, напрыклад, не адчуваю ў сабе магчымасьці ісьці ва ўладу і ціхенька сядзець да патрэбнага моманту. Але калі нейкі чалавек адчувае ў сабе такі патэнцыял, то яму трэба пажадаць посьпеху на гэтым шляху.

Вячорка: Вельмі складанае пытаньне. Я думаю, што такое пытаньне стаіць перад кожным маладым чалавекам у Беларусі, які паступае ў розныя ВНУ, асабліва ў такія ўнівэрсытэты, як Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце; які, магчыма, выхаваны вёскаю, беларускаю літаратураю, беларускаю нацыянальнаю традыцыяй, і ён мусіць неяк гэта спалучаць, шукаць кампрамісы паміж сваёй уласнай беларускасьцю і гэтай савецкай (постсавецкай) сыстэмай. Тут пытаньне маралі. Наколькі гэты чалавек здольны знайсьці гэты кампраміс. Таму што калі ён ідзе ва ўладу (няхай ён будзе беларускамоўным, як Павал Латушка), але яму давядзецца ісьці на амаральныя крокі, прымаць амаральныя рашэньне, агучваць амаральныя заявы, спушчаныя зьверху. Тут пытаньне менавіта маралі. Але чым болей такіх людзей будзе — няхай сабе падначаленых, няхай сабе нязначных частак вэртыкалі — тым будзе прасьцей сьвядомым беларускамоўным звонку праводзіць сваю дзейнасьць і вяртаць пазыцыі беларускай мовы на належныя.

Абламейка: Анонс нашай перадачы на сайце мы назвалі троху правакацыйна: «Калі зьнікне беларуская мова?» Сяргей, як вы думаеце, якая будучыня чакае беларускую мову (а значыць і беларускі народ)? Ад чаго ці каго гэта залежыць? І на што вы спадзеяцеся? Вы ўжо сказалі, што за мову не перажываеце, турбуецеся за народ. І ўсё ж...

Дубавец: Я магу толькі сказаць, што ёсьць два шляхі разьвіцьця гэтай сытуацыі. Мова, ясна, нікуды ня зьнікне. Можа зьнікнуць беларускі народ. Калі гэтая дэградацыя ў моўным сэнсе будзе працягвацца, тады, безумоўна, беларускага народу ня будзе. Ён будзе часткай «великого русского народа». Я б не хацеў зазіраць у будучыню, я б хацеў усіх, хто падзяляе клопат пра родную мову і дбае пра будучыню роднага народу, рабіць крокі і справы для пашырэньня беларушчыны ў грамадзтве, для стварэньня беларускамоўных асяродкаў, для разьвіцьця беларускамоўнай адукацыі, для выхаваньня беларускамоўных дзяцей. І кожны посьпех на гэтым шляху будзе прыносіць неверагоднае задавальненьне.

Абламейка: І тое ж пытаньне да вас, Франак. Што чакае беларускую мову? Ад чаго ці каго гэта залежыць? І на што вы спадзеяцеся?

Вячорка: Вось мы нядаўна гаварылі зь Сяргеем Навумчыкам пра сытуацыю 80-х гадоў. Тады было значна цяжэй змагацца за беларушчыну. Стан мовы тады быў горшы. І калі тады ўдалося дамагчыся дзяржаўнасьці беларускай мовы і ўзьняць яе так высока, то цяпер... Абы каб была воля і дастаткова людзей, якія будуць гэтым гарэць, якім будзе гэта балець, якія будуць мець дастаткова сілаў, каб рабіць справу.

Абламейка: Вось жа ўдзельнікі нашай перадачы аптымістычна глядзяць на будучыню беларускай мовы. І іх адказ на пытаньне, калі зьнікне мова, гучыць так — ніколі.

УВЕСЬ АРХІЎ СВАБОДЫ БЯЗ ГАЛЬШТУКАЎ:


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG