Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: Нарэшце дзяржава сказала праўду


Фрагмэнт пляката Ўладзімера Крукоўскага
Фрагмэнт пляката Ўладзімера Крукоўскага

Старшыня Таварыства беларускай мовы папракнуў слухачоў Свабоды.

У гэтым навучальным годзе больш за 151 тысячу школьнікаў (16,4% ад агульнай колькасьці) вывучаюць усе прадметы на беларускай мове.

Пра гэта паведамляе Беларускі статыстычны камітэт у дасьледаваньні з нагоды Міжнароднага дня мовы, які адзначаецца 21 лютага.

Ва ўстановах сярэдняй спэцыяльнай адукацыі на беларускай мове навучаецца больш за 1,4 тысячы навучэнцаў (0,9%). На беларускай і расейскай мовах тут навучаецца звыш 22 тысяч чалавек (14,6%).

У вышэйшых навучальных установах на беларускай мове навучаюцца 700 студэнтаў (0,2% ад агульнай колькасьці), на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай — больш за 160 тысяч студэнтаў (37,4%).

Ва ўстановах дашкольнай адукацыі «выхавальнікі гавораць на беларускай мове» з больш чым 45 тысячамі хлопчыкаў і дзяўчатак (11,4% дзяцей, якія наведваюць гэтыя ўстановы). На беларускай і расейскай — з 15,2 тысячы дзяцей (3,8%).









Гэтыя лічбы прыводзяцца ў сувязі зь Міжнародным днём роднай мовы, таму не падаецца, колькі школьнікаў і студэнтаў навучаюцца на расейскай мове, сказала карэспандэнту Свабоды прэсавы сакратар Беларускага статыстычнага камітэту Вольга Клаўсуць. Яна назвала і некаторыя лічбы, якія ня згадваюцца ў афіцыйным паведамленьні:

«На расейскай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі навучаецца 84,8%, у агульнаадукацыйных школах — 83,6%, ва ўстановах сярэдняй спэцыяльнай адукацыі — 84,5%, у ВНУ — 62,4%».

Таксама, паводле Белстаткамітэту, у дзіцячых садках Гарадзенскай вобласьці ёсьць па адной рознаўзроставай групе з 17 і 13 дзяцей з адукацыяй на польскай і літоўскай мовах. У трох школах выкладаньне вядзецца на польскай мове і ў адной — на літоўскай. Там навучаюцца больш за 0,7 тысячы дзяцей. Акрамя таго, у школах польскую мову вывучаюць 4012 навучэнцаў, габрэйскую — 358, літоўскую — 155.

Камэнтуючы гэтыя зьвесткі, старшыня ТБМ Алег Трусаў заявіў карэспандэнту Свабоды, што дзяржава нарэшце сказала праўду:

Алег Трусаў
Алег Трусаў
«Гэтую праўду Міністэрства адукацыі хавала некалькі гадоў. І дзякуй, што гэта не адукацыя назвала, а статыстыка. То бок, нарэшце мы даведаліся праўду. І аказалася, што не 18 ці 19, а толькі 16% вучняў навучаецца па-беларуску. Але затое зьявіліся беларускамоўныя студэнты, пра якіх ніхто ніколі не казаў. А яны ёсьць. І гэты міт, што ў нас усе студэнты вучацца па-расейску, — гэта таксама лухта. І яе паўтараюць часам і незалежныя мэдыі. Ёсьць у нас і беларускамоўныя плыні, і ёсьць студэнты. І ўпершыню гэтая лухта была аспрэчаная. І, у прынцыпе, я ўдзячны Белстаткамітэту за праўду».

Карэспандэнт: А пра што кажа, да прыкладу, лічба 16,4% школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску?

Трусаў: З аднаго боку, гэта сьведчыць пра тое, што вымірае беларуская вёска. Бо ўсе беларускамоўныя школы былі ў вёсках, а цяпер там няма дзяцей, зачыняюцца школы. А вось Міністэрства адукацыі выклікала і выклікае ў мяне вялікую занепакоенасьць, бо яно нічога ня робіць добрага для разьвіцьця беларускай адукацыі. А дрэннага робіць шмат. Прыгадайце, як яны перавялі на расейскую мову выкладаньне геаграфіі і гісторыі ў расейскіх школах. І новы міністар хацеў вярнуць і нават паабяцаў. Але на яго цыкнулі, і ён замоўк. Гэта паказвае сутнасьць нашай адукацыі. Так што лічбы сумныя, але дзякуй Богу, што яны ёсьць. А яшчэ яны паказваюць абыякавасьць нашага грамадзтва. Бо каб нашы бацькі, у тым ліку і слухачы Свабоды, былі людзьмі патрыятычнымі, то яны б сваіх дзяцей аддавалі ў беларускамоўныя школы і садкі. А большасьць гэтага ня робіць, толькі лямантуе ў інтэрнэце. Так што гэта пытаньне нумар два.

Мапа беларускамоўнага навучаньня

Беларускамоўныя школы і гімназіі ў Менску

View Беларускамоўныя школы і гімназіі ў Менску in a larger map
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG