Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інак Мікалай: Малюся за вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга


Інак Мікалай
Інак Мікалай

Сямнаццаць гадоў інак Мікалай жыве ў Жыровіцкім Сьвята-Ўсьпенскім манастыры. За гэты час ён выпусьціў у сьвет пяць паэтычных зборнікаў (як паэт Зьніч), арганізаваў рэгулярнае выданьне багаслоўска-літаратурнага лістка «Жыровіцкая абіцель». У «Вольнай студыі» мы гаворым зь ім пра нацыянальных герояў і антыгерояў Беларусі, пра манархічны лад і пра вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга на дзяржаўныя флягштокі.

— Інак Мікалай, давайце пачнем нашу гутарку з такога пытаньня. Вось жа дасьведчаныя людзі, якія падрабязна вывучалі Сьвятое Пісьмо, творы айцоў царквы, кажуць, што ўся сьвецкая літаратура пасьля гэтага для іх становіцца прэснай. А як з гэтым у вас?

— У мяне ёсьць радкі: «Зямную сьцяжыну завершы / раскаяным сэрцам найперш. / Маленьні — вышэй за вершы, / хай стане маленьнем верш». Я ў сваіх пісьмёнах імкнуся не падзяляць літаратуру сьвецкую і духоўную. Спрабую, каб кожнае маё літаратурнае слова было як мага больш блізкім да малітвы, да духоўнай літаратуры. Што да іншай сьвецкай літаратуры, то чыста сьвецкая літаратура аддзеленая ад Божай гармоніі. Гэта ўжо літаратурнае беснаваньне. Сапраўдная Літаратура, зь вялікай літары, якая са сьвету душы падымае ў неба, неаддзельная ад літаратуры духоўнай. Уся клясычная літаратура, у тым ліку і беларуская — літаратура духоўная.

— У Жыровіцкім Сьвята-Ўсьпенскім манастыры вы жывяце пераважна ў расейскамоўным асяродку. Але пішаце толькі па-беларуску. Што змушае вас, кажучы словамі Францішка Багушэвіча, не пакідаць мовы нашай беларускай?

— Зборнік «Крэсіва» (выйшаў летась у Слоніме) — мой прамы адказ на гэтае пытаньне. Мова кожнаму племені дадзеная як найвялікшая сьвятыня, як найвялікшы Божы дар, якім гэтае племя павінна бараніць чалавечыя і хрысьціянскія каштоўнасьці.

— У даманастырскі пэрыяд вашага жыцьця вы, вальнадумны паэт, маглі напісаць і такое: «І вось за морам недарэчы / даводзіць наш мітрапаліт: / „На том искуственном наречье / наш чин в церквях не говорит. / Народ желает речь другую…“ / Калі то праўда, Філярэт, / вы на палітыку зямную / зьмянілі Божы запавет». Потым вы напісалі пакаяльныя вершы і ўславілі мітрапаліта. Але хіба нешта істотна зьмянілася ў адносінах РПЦ да беларускай мовы?

— Гэтыя мае дзёрзкія радочкі мне часта прыпамінаюць і сябры, і незычліўцы. Яны старанна забываюцца пра тое, што па дабраславеньні мітрапаліта Філярэта створаная Біблейская камісія, якая ўжо выпусьціла ў перакладзе на сучасную беларускую мову ўсе чатыры Эвангельлі, усе царкоўныя багаслужэньні. Мітрапалітам дабраславёныя беларускамоўныя царкоўныя багаслужэньні там, дзе паства жадае гэтага. А вазьміце Сабор беларускіх сьвятых — услаўленыя дзясяткі сьвятых і навамучанікаў беларускіх. Так што, калі гаварыць аб’ектыўна, то за тыя тры дзесяцігодзьдзі, цягам якіх беларускую праваслаўную царкву ўзначальвае мітрапаліт Філярэт, Беларусь зь першай атэістычнай рэспублікі, у якую яна была ператвораная антыхрыстамі, стала сапраўднай праваслаўнай дзяржавай. У Беларусі адроджаныя дзясяткі манастыроў, сотні разбураных і зачыненых храмаў. І сапраўды народ уцаркаўляецца, Беларусь уцаркаўляецца. Гэты цуд сатварыў Гасподзь у атэістычнай пустэльні бязбожнікаў фактычна рукамі і дыпляматычным майстэрствам мітрапаліта Філярэта. Дык вось, усё гэта бязбожнікі старанна замоўчваюць, усякія паклёпы на яго ўзводзяць, дзе можна ўкалоць, упікнуць — усё робяць. І адбываецца гэта ў рамках агульнай палітыкі. Выглядае так, што пасьля развалу Савецкага Саюзу наш галоўны вораг — расейскае праваслаўе, як самае моцнае ядро сучаснага хрысьціянскага сьвету.

— Апантаным ворагам праваслаўя тэндэнцыйна паказваецца і Кастусь Каліноўскі. Беларуская інтэлігенцыя і тут падзялілася. Для адных Каліноўскі — нацыянальны герой, для другіх — ледзь не тэрарыст. Можа, вы як чалавек царкоўны знойдзеце нейкае разважлівае слова, каб прымірыць усіх і палагодзіць сытуацыю?

— Я вось што скажу. Ёсьць Сабор беларускіх сьвятых. І ў кожнага племені ёсьць сабор сваіх нацыянальных сьвятых. І ёсьць таксама «ідаластас» нацыянальных герояў. Так, яны змагары, якія паміралі самі, праліваючы мора чужой крыві. Праліваецца кроў свая — Богачалавек паказаў прыклад праліцьця крыві, але толькі сваёй, не чужой. А героі, на жаль, праліваюць рэкі і акіяны чужой крыві. У адрозьненьне ад сьвятых, якія праліваюць толькі сваю кроў. Што да Кастуся Каліноўскага — люблю яго, і гаварыў пра «ідаластас» у сэнсе засьцярогі — не тварыце куміраў з нацыянальных герояў. У айца Сергія Булгакава ёсьць цудоўны тэкст «Інтэлігенцкі гераізм і хрысьціянскае падзьвіжніцтва». Ён там глыбока разьмяжоўвае гэтыя два паняткі. Інтэлігенцкі гераізм — сьвецкі, сэкулярызаваны і — хрысьціянскае падзьвіжніцтва. Хрыстос паказаў, што такое шлях хрысьціянскага падзьвіжніцтва, што такое праліцьцё сваёй крыві дзеля многіх.
Што да Кастуся Каліноўскага — люблю яго, і гаварыў пра «ідаластас» у сэнсе засьцярогі — не тварыце куміраў з нацыянальных герояў.

— Дык жа Каліноўскі якраз і ахвяраваў сабой дзеля іншых, сьвядома пайшоўшы на сьмерць.

— Так, героі рызыкуюць сваім жыцьцём. Але яны праліваюць пераважна чужую кроў. Пры ўсёй павазе да сьмеласьці, да самаахвярнасьці Кастуся, трэба аб’ектыўна прызнаць, што ён праліў многа крыві чужой. І галоўнае — бунт яго быў скіраваны супраць дзяржавы, заканадаўства якой грунтавалася на запаведзях Божых і канонах царквы. Перад сьмерцю ён меў час на пакаяньне, і ёсьць сьведчаньні, што сапраўды пакаяўся. У гэтым сэнсе лёс Кастуся вельмі падобны да лёсу другога нашага вялікага земляка — Дастаеўскага, якога Гасподзь таксама правёў праз бунтоўны гераічны пэрыяд. І ён таксама перад расстрэлам стаяў, перажыў, фактычна, пакараньне сьмерцю. А потым Гасподзь яго іншым шляхам павёў — праз катаргу, дзе зьявіўся яму, адкрыўся, як ніколі ў жыцьці. Вось якім шляхам Гасподзь правёў двух нашых нацыянальных герояў.

— Крытыкі Каліноўскага супрацьпастаўляюць яму генэрал-губэрнатара Мураўёва. Гарадзенскі сьвятар Аляксандар Велісейчык нядаўна публічна заявіў, што Мураўёў варты пашаны, бо, ці бачыце, будаваў храмы (вядомыя ў народзе як «мураўёўкі»). Ствараецца ўражаньне, што для царквы ня так істотна, што ўчыніў той ці іншы чалавек, бо калі ён збудаваў храм, то царква яго мусіць ушанаваць.

— Той, хто падаўляў па сваім статусе бунт, выконваў загад цэсара, выконваў свой воінскі абавязак. Гэта першае. Другое: любы чалавек, у тым ліку і начальнік, тым больш воінскі начальнік — грэшны чалавек, як і ўсе мы. І таму, безумоўна, бязгрэшным Мураўёў ня быў. Ніводнаму грэшніку не зачыненыя шляхі да пакаяньня. І адной з самых сур’ёзных формаў пакаяньня зьяўляецца будаўніцтва храмаў. Нездарма кажуць, што калі нехта збудаваў храм, яму шмат грахоў за гэта Гасподзь дараваў. Паўтаруся, Мураўёў быў воін на службе. Ён выконваў свае абавязкі.

— Так можна апраўдаць любое злачынства. Маўляў, служывы чалавек выконваў загад цэсара ці галоўнакамандучага.

— Не апраўдаць, але — не судзіць уперад Госпада. Мы можам выказаць толькі сваё прыватнае меркаваньне. А судзіць будзе толькі Гасподзь. Нашы прыватныя меркаваньні ні ў якім разе ў якасьці канчатковага вэрдыкту разглядаць няможна. Гэта грэх.
Паэт Зьніч надпісвае кнігу «Крэсіва» Паўлу Севярынцу
Паэт Зьніч надпісвае кнігу «Крэсіва» Паўлу Севярынцу

— У згаданай ужо кнізе «Крэсіва» я вычытаў, што вы зьяўляецеся прыхільнікам праваслаўнай манархіі ў Беларусі. Як вы сабе ўяўляеце трансфармацыю прэзыдэнцкай рэспублікі ў манархічную дзяржаву?

— Гэта можна зрабіць адным дэкрэтам прэзыдэнта, кваліфікавана сфармуляваным юрыстамі. Дэкрэтам прэзыдэнта можна вярнуць на тэрыторыі Беларусі дзейнасць адзінай легітымнай канстытуцыі, якая была да лютага 1917 году. Дарэчы, яна прызнавалася за самую дасканалую ў сьвеце, яна базавалася на запаведзях Божых і канонах царквы. Гэта было б прыкладам для ўсёй хрысьціянскай Эўропы.

— І хто ж, па-вашаму, надаецца на ролю першага беларускага манарха?

— Гэта павінен будзе вырашыць Сабор. Спачатку трэба ўвесьці пасаду месцаблюсьціцеля трона. Сам трон канстытуюецца, а ўжо хто будзе першым праваслаўным манархам у Беларусі — вырашыць памесны Сабор, як гэта заўсёды было. Сёньняшні прэзыдэнт можа быць месцаблюсьціцелем трона, я думаю, ён адпавядае гэтаму паслушаньню.
Сёньняшні прэзыдэнт можа быць месцаблюсьціцелем трона, я думаю, ён адпавядае гэтаму паслушаньню

— Мне здаецца, месца, якое ён сёньня займае, яго цалкам задавальняе… Вы прыхільнік самага цеснага супрацоўніцтва царквы і дзяржавы. Наколькі сёньняшні стан рэчаў у гэтай галіне вас задавальняе?

— Хрысьціянін ніколі ня можа быць задаволены тым станам, які ёсьць. Хрысьціянін заўсёды скіраваны на словы Збаўцы: «Будзьце дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябёсны». Да гэтай дасканаласьці нам усім далёка, як да неба. Але кірунак гэты трэба мець на ўвазе, у кірунку гэтым трэба дзейнічаць. І я лічу, што многія з сёньняшніх дзяржаўных мужоў і дзеячаў царквы дзейнічаюць менавіта ў гэтым кірунку.

— Паэт Зьніч — стваральнік духоўнай паэзіі. Ці зьяўляецца паэтычная моладзь, якая гатовая ісьці ў гэтым напрамку?

— Я спадзяюся, што Гасподзь не пакіне нашу моладзь і дасьць ёй адпаведнае натхненьне. А я хацеў бы да гэтай моладзі зьвярнуцца двума маленькімі слупочкамі: «Чамусьці ня хочам, панове, / вярнуцца ў краіну любові / і доўжым паход свой крывавы / гаротнай гісторыяй права». І: «Каб кожная душа Хрысту сказала: / „З грахом пакончыць, Хрысьце, памажы“, / Фаворскае сьвятло паўсюль зазьзяла б / і не былі б мы болей на крыжы».

— На вашых апошніх кнігах абавязкова прысутнічае бел-чырвона-белае колеравае спалучэньне. Ці зьяўляецеся вы прыхільнікам вяртаньня бел-чырвона-белага сьцяга на дзяржаўныя флягштокі?

— Гэта трэба вымаліць у Госпада. Нам усім трэба моцна пакаяцца. Моцнае нацыянальнае пакаяньне павінна быць. І тады добрымі справамі і малітвамі, можа, вымалім у Госпада, каб колеры Хрыстовай плашчаніцы зноў сталі нашым дзяржаўным сьцягам. Царква даўно пад гэтымі колерамі. Адзеньне епіскапаў і патрыярхаў праваслаўных пакрытае колерамі плашчаніцы. А як дзяржаўны сьцяг — трэба вымаліць. Я думаю, Гасподзь ізноў дабраславіць, каб сьвятыя колеры Хрыстовай плашчаніцы сталі нашым дзяржаўным сьцягам. Я малюся за гэта.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG