Што гаворым, шчыра жадаючы некаму ўдачы, посьпеху? Найчасьцейшае цяпер пажаданьне – ні пуху ні пяра. Гэтае спалучэньне ўзьнікла ў даўніну ў мове паляўнічых. Чалавеку, які выпраўляўся на ловы, зычылі ўдачы ў адмоўнай форме – толькі каб не сурочыць. Спадзяваліся, што пасьля зычэньня няўдачы – ні пуху ні пяра – усё адбудзецца дакладна наадварот, і паляўнічы канечне вернецца з пухам і пяром – з упаляванымі птушкамі й зьвярамі. За стагодзьдзі фразэма ні пуху ні пяра з маўленьня паляўнічых перайшла ў агульную мову, стаўшы ўнівэрсальным зычэньнем. У беларускай мове поруч зь ні пуху ні пяра ўжываюць і форму ні пуху ні пер’я – на месцы слова пяро тут зборны назоўнік пер’е.
Пры зычэньні ўсякага посьпеху прыдатныя й колькі іншых устойлівых спалучэньняў. Лавецкае паходжаньне мае фразэма лаўцу з аўцу. Кажуць па-беларуску: “Дай жа, Божа, нашаму лаўцу з аўцу”. З рыбацкае мовы ідзе пажаданьне рыбна вам. На яго абачліва адказваюць: “Хоць ня рыбна, затое юшна”. А юшна, як вядома, тады, калі ёсьць юха, юшка. Зь лексыкону рыбакоў паходзіць і яшчэ адно зычэньне ўдачы – ляшчы ды акуні. Як і ў выпадку зь першапачатна паляўнічым ні пуху ні пяра, рыбацкія пажаданьні пашырыліся й на іншыя сытуацыі. Рыбна вам або ляшчы ды акуні – гэтак можам сказаць кожнаму, каму зычым удачы.
Проста памятайма, што апроч рэгулярнага ў мове спалучэньня ні пуха ні пяра (ні пуха ні пер’я) ёсьць і іншыя беларускія сродкі на зычэньне посьпехаў: лаўцу з аўцу, рыбна вам, ляшчы ды акуні.