Днямі слухач папрасіў патлумачыць паасобныя словы з Коласавай паэмы “Новая зямля”. Гаворка тут пра лексыку, якой слухач не знайшоў у даступных яму слоўніках.
(Слухач:) “У 14-ым разьдзеле Колас піша: “…скрозь беларуннае адзеньне”. Няясны мне колер. Як гэта – беларуннае? Далей, у 8-ым разьдзеле: “Як бы каваў ён словы шлягай”. Тут слова шляга для мяне няяснае – не знаходжу ў сваіх слоўніках. У 7-ым разьдзеле: “У зубы клёцку, бы ў ляшчоткі”. Што гэта – ляшчоткі? У 25-ым разьдзеле: “Па струнах-кальвах пальцы граюць”. Тут няяснае слова кальвы. Калі ласка, патлумачце”.
У Коласавай паэме “скрозь беларуннае адзеньне У багне неба ясна-сіняй Ступае сонца, як багіня”. У першасным значэньні беларуннае адзеньне – тое, якое зь белага руна, белай руны. Руном, рунаю або яшчэ руньню называюць авечую шэрсьць – воўну.
Слова нямецкага паходжаньня шляга (Schlägel) абазначае прыладу, пры дапамозе якой трамбуюць глебу, выраўноўваюць паверхню. Шляга ня раз уплеценая ў Коласаву паэтычную мову. У “Новай зямлі”“Міхал сьпяваў баском спавагу, Як бы каваў ён словы шлягай”. Назоўнік шляга падаюць сучасныя слоўнікі літаратурнай мовы – можам сьмела ўжываць яго ў сваім маўленьні.
Ляшчоткі – гэта раздвоеная з аднаго канца дошчачка або тонкія дашчаныя накладкі. Ляшчоткамі нешта заціскаем, фіксуем. Пры пераломе руку або, скажам, нагу бралі ў ляшчоткі, ці, іначай кажучы, лубкі. Дзядзька Антось, “бы ў ляшчоткі”, браў у зубы клёцку.
І, нарэшце, колькі словаў пра ўжываны Коласам назоўнік кальва. Кальва – тое самае, што й каліва – асобна ўзятая расьліна, сьцябліна, зернейка або проста малая колькасьць нечага. Сьцябліны жыта ўбачыўшы як струны, Колас напісаў: “Па струнах-кальвах пальцы граюць…”
Пры канцы згадаю яшчэ пра слоўнік, карысны пад рукою чытачу Коласавых, дый ня толькі Коласавых, твораў. Нядаўна выйшаў і прадаецца цяпер “Тлумачальны слоўнік адметнай лексікі ў творах Якуба Коласа”. Побач з фактамі літаратурнай мовы, а таксама зь відавочнымі русіцызмамі й палянізмамі аўтаркі слоўніка Ганна Арашонкава й Надзея Чабатар зьмясьцілі нямала сапраўды адметнай беларускай лексыкі. Так што кожнаму, хто хоча глыбей ведаць нашую мову, гэты слоўнік прыдасца.