Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчаты, дзяўчаткі


Юрась Бушлякоў, Менск

Сёньняшні напамін – пра дзяўчат і дзяўчатак. На гэтыя традыцыйныя й абавязковыя для беларускай мовы формы множнага ліку даволі часта ў нас цяпер забываюцца. Запрашаюць, напрыклад, на перадачу хлопчыкаў і дзяўчынак або, скажам, выдаюць часопіс для дзяўчынак. Замест формы дзяўчынак у гэтых выпадках трэба ўжыць другую – дзяўчатак. У множным ліку назоўнік дзяўчынка мае форму дзяўчаткі, назоўнік дзяўчынадзяўчаты. Згодна з нормамі літаратурнай мовы, формы дзяўчынкі й дзяўчыны маем ужываць толькі ў спалучэньні зь лічэбнікамі дзьве, тры й чатыры. Скажам па-беларуску: у залі былі дзьве дзяўчынкі, у двары мы пабачылі трох дзяўчын, але для ўдзелу ў перадачы запрасілі дзяўчатак, дзяўчаты сабраліся на сустрэчу.

Трэба памятаць, што ў множным ліку словы дзяўчынка й дзяўчына крыху зьмяняюць сваё аблічча: дзяўчынка чытае часопіс для дзяўчатак, дзяўчына ідзе насустрач дзяўчатам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG