Калі-нікалі ў сучаснай мове здараюцца формы тыпу у рукох, на нагох – назоўнікі жаночага роду на -а (рука, нага) ужываюць з націскным канчаткам -ох. Пачуць гэтыя формы можна ад людзей, якія стараюцца культываваць у сваёй мове беларускія граматычныя асаблівасьці, рэпрэсаваныя савецкай моўнай рэформаю 1933-га. Тады зь літаратурнага ўжытку было загадана “выключыць” і формы меснага склону на -ох (-ёх): у лясох, на палёх, на плячох і г.д. Такія формы – зусім ня “вузкарэгіянальныя”, як пра іх часам пісалі савецкія лінгвісты. Даволі ўзяць “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (Менск, 1963) – і пераканацца ў пашыранасьці формаў на -ох (-ёх) у цэнтральных і паўднёва-заходніх беларускіх гаворках.
Аднак жа і ў тых гаворках, і ў дарэформавым стандарце літаратурнай мовы формаў накшталт у рукох няма. Рэч у тым, што націскны канчатак -ох (-ёх) у месным склоне множнага ліку не ўнівэрсальны. Яго ня маюць назоўнікі жаночага роду на -а (-я) – у памянёнай форме яны заўсёды выступаюць з канчаткам -ах (-ях) – па-беларуску толькі у руках і толькі на нагах.
Няцяжка зразумець жаданьне часткі карыстальнікаў нашай літаратурнай мовы усё ж такі ахаваць ад забыцьця адметныя формы на -ох (-ёх) назоўнікаў мужчынскага й ніякага родаў, а таксама множналікавых назоўнікаў і назоўнікаў жаночага роду з нулявым канчаткам: у садох, на палёх, на плячох, у грудзёх, у дзьвярох, на касьцёх. Запомнім толькі пры гэтым, што словы жаночага роду на -а (-я) ў месным склоне множнага ліку маюць іншую форму: трымалі ў руках, стаялі на нагах.