Наш слухач Юры Эпштэйн папрасіў пракамэнтаваць факты ўжываньня ў беларускай мове слова выспа. “Гэта ж польскае слова, – піша спадар Эпштэйн, – але ўсё-такі яго ў нас ужываюць. Як гэта растлумачыць?”
Назоўнік выспа – не навіна ў нашай мове. Выкарыстоўвалася гэтае слова ў старабеларускую пару, характэрнае яно й для нашай мовы апошніх стагодзьдзяў. Выспа – ад дзеяслова высыпаць. Выспа сапраўды магла прыйсьці да нас з польскае мовы, аднак, як бы там ні было, гэтае слова даўно й трывала замацавалася ў беларускім лексыконе. Як правіла, выспа не ўспрымаецца як пазычанае слова – ня мае, здаецца, для носьбіта нашай мовы прыкмет пазычаньня. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” раскрывае выспу як ‘невялікі востраў, часьцей пяшчаны’. Пры гэтым у сучасным літаратурным маўленьні выспа нярэдка ўжываецца шырэй, фактычна як абсалютны сынонім востраву. Выспамі могуць назваць і вялікія, абкружаныя з усіх бакоў вадою, масівы сушы. Можна, напрыклад, пачуць па-беларуску пра Брытанскія выспы або выспу Мадагаскар.
Карыстаючыся нагодаю, мне ўсё ж хочацца перасьцерагчы тут ад безагляднай замены выспаю традыцыйнага ў нашай мове слова востраў. Беларускі востраў – усё тое, што абцякаецца, а яшчэ тое, што проста нечым вылучаецца ў навакольлі.
Востраву й высьпе сынанімічныя яшчэ прынамсі два беларускія словы, якія пакуль што ў рэзэрве мовы, – атока й абток. Абток даволі шырока ўжываўся ў мове беларускай паваеннай эміграцыі. “Я… тут пачуваўся паміж чужым густым народам больш адзінокі, як Рабінзон на бязьлюдным абтоку”, – пісаў у ўспамінах “Кітай-Сібір-Масква” айцец Язэп Германовіч.
Востраў, выспа, атока, абток – беларускія назовы сухазем’я, абкружанага вадою.