Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях i дарога


Юрась Бушлякоў, Менск

Цi можна сказаць па-беларуску, што нехта сабраўся або выправiўся ў шлях? Цi выпадае зычыць добрага або шчасьлiвага шляху? Іначай кажучы, цi дарэчы ў названых спалучэньнях слова шлях?

Адказаць можна адназначна: шлях тут недарэчы. На яго месцы мае стаяць другое слова – дарога. Гадоў сорак назад, камэнтуючы факты лiтаратурнай мовы, пiсьменьнiк, тонкi стылiст Ян Скрыган браў увагу на выпадкi, калi словам шлях карыстаюцца ў нас “супроць законаў мовы”. “У беларускай мове, – пiсаў Скрыган, – разуменьне шлях толькi канкрэтнае. Калi мы гаворым “шлях”, то нават уяўляем сабе шырокую наежджаную дарогу. “Праедзеш палявую дарогу, а там выедзеш на шлях”.(…) А ў адцягненае разуменьне ў нас пераходзiць ня шлях, а дарога. Вось жа, мы, кажучы па-беларуску, выбiраем сабе дарогу, пускаемся ў дарогу ды iдзем сваёй дарогаю, пракладаем сабе дарогу ў жыцьцi, выводзiм дзяцей на самастойную дарогу. Слова дарога i ў тым успомненым на пачатку тэмы зычэньнi – зычым добрай або шчасьлiвай дарогi.

Вядома, зважаючы на факты нашай кніжнай мовы, няма сэнсу ставіць пад сумнеў многіх выпадкаў пераноснага ўжываньня назоўніка шлях. Трывала, скажам, прыжыўся шлях у значэньні кірунку дзейнасьці, разьвіцьця нечага, у значэньні спосабу дасягненьня чаго-небудзь.

Гэтая тэма – хутчэй перасьцярога, каб шляхам тым ня злоўжываць, не падмяняць ім дарогі. Зьбіраемся й выпраўляемся ў дарогу, зычым шчасьлівай дарогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG