Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выканаўца абавязкаў


Юрась Бушлякоў, Менск

Як называем па-беларуску чалавека, які што-небудзь выконвае? Часта ў нас у гэтым выпадку проста ідуць ад расійскай формы на -ющ (исполняющий), капіююць яе й ужываюць слова выконваючы. Прыкладам, гавораць, што нехта – выконваючы абавязкі старшыні або дырэктара. Пры такім ужываньні слова выконваючы выступае ў функцыі назоўніка. Адсюль заканамернае пытаньне: ці ня варта нам у функцыі назоўніка выкарыстаць уласна назоўнік, а ня форму дзеяслоўнай будовы? У нашай мове ёсьць цэлы шэраг самых звычайных, традыцыйных, з тыповай структураю, назоўнікаў, якія якраз і адпавядаюць формам дзеепрыметнікавай будовы ў іншых мовах, скажам, у расійскай. Напрыклад, той, хто верыць, – вернік, хто нападае, – нападнік, хто чакае, – чакальнік. Нарматыўныя слоўнікі чалавека, які выступае, рэкамэндуюць называць выступоўцам – не выступаючым, а якраз-такі выступоўцам. Паралельна з выступоўцам ужываюцца й іншыя вытворныя ад дзеяслова выступаць назоўнікі – скажам, выступанец або выступальнік. Гэта вельмі сымпатычная тэндэнцыя – на месцы калек, аманімічных дзеепрыслоўям, мы скарыстоўваем адназначныя назоўнікі, аддаем тым самым перавагу сродкам, словаўтваральным мадэлям, якія ў большай ступені характэрныя для нашае мовы. Вось жа, тое самае трэба рабіць і ў выпадку, калі называем чалавека, які нешта выконвае. Такі чалавек – выканаўца. Скажам, выканаўца абавязкаў, выканаўца жаданьняў. Трэба проста не завужаць ужываньня слова выканаўца. Нашто нам калька там, дзе спраўляецца добра знаёмае, блізкае ўсім слова?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG