Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаральна і даслоўна, прыкладна праз гадзіну, жыхарства


Юрась Бушлякоў, Менск

Сёньня адкажу на колькі пытаньняў, зададзеных адным з нашых слухачоў па тэлефоне.

(Слухач: ) “Добры дзень,“Свабода”! Рысевец Уладзімер. Я хачу папытацца, ці ёсьць беларускі сынонім да часта ўжыванага слова літаральна, ці добра будзе сказана: прыкладна праз гадзіну. І яшчэ пракамэнтуйце, калі ласка, выраз пастаяннае жыхарства”.

Натуральна, маем агульнаўжывальныя сынонімы да прыслоўя літаральна. Гаворым, напрыклад, што запіс, які дакладна адпавядае нейкаму тэксту, якой-небудзь размове, зроблены даслоўна або слова ў слова. Пераклад, скажам, робяць даслоўна й недаслоўна, ён бывае даслоўны й недаслоўны. Маючы на ўвазе сэнс, значэньне нечага, можам сказаць, што яны перададзеныя дакладна – тут у ролі сыноніма да слова літаральна будзе прыслоўе дакладна.

Наш слухач сумняецца, ці добра сказаць па-беларуску, што перадача, скажам, прагучыць прыкладна праз гадзіну? Вядома, можна сказаць і неяк іначай, аднак і спалучэньне прыкладна праз гадзіну цалкам адпавядае нормам беларускай літаратурнай мовы. Усё тут прымальна.

Нарэшце, колькі словаў пра злучэньне пастаяннае жыхарства. Назоўнік жыхарства – двухзначны. Ужываючы слова жыхарства ў зьвязцы з назоўнікам месца, часам у нас забываюцца на другое, зборнае значэньне гэтага слова. Як, прыкладам, чалавецтва – гэта ўсе людзі Зямлі, так жыхарства – усе жыхары, насельнікі нейкай мясьціны, мясцовасьці. Жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу – гэтым сказам з прозы Якуба Коласа ілюструе зборнае значэньне назоўніка жыхарства “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG