Наш слухач Юрась у лісьце на адрас “Жывой мовы” просіць патлумачыць розьніцу ў ужываньні прыметнікаў прыгодны й прыдатны, калі маем на ўвазе прадукты й лекі. У сучаснай моўнай практыцы, называючы тэрмін, на працягу якога нейкі прадукт можа быць скарыстаны, ужываюць, як ведаем, абодва названыя словы – яны ў гэтым выпадку нясуць тое самае значэньне.
Пры гэтым частка карыстальнікаў літаратурнай мовы ставіцца да слова прыгодны зь недаверам. Можна прачытаць або пачуць меркаваньні, што гэта пазычаньне з расійскай мовы. Не выпадае падтрымаць тых меркаваньняў – прынамсі сам па сабе прыметнік прыгодны не пазычаны, хіба што характар яго ўжываньня ў сучаснай нашай мове аформіўся не без расійскага ўплыву – на ўзор таго, як функцыянуе ў расійскай літаратурнай мове слова пригодный. Беларускі прыметнік прыгодны – ад шматзначнага назоўніка прыгода. Прыгодны – той, які можа быць або стаць у прыгодзе, іначай кажучы, можа спатрэбіцца, быць карысным, здатным на нешта. Такое беларускае ўжываньне прыметніка прыгодны ілюструе, у прыватнасьці, слоўнік Івана Насовіча: напрыклад, прыгодны дзень к сяўбе – значыць добры, спрыяльны дзень для сяўбы; або – прыгодныя каса, саха – значыць зручныя, добрыя для працы каса й саха.
Сынонім слова прыгодны – прыметнік прыдатны – паходзіць ад дзеяслова прыдацца. Усё, што можа прыдацца, быць патрэбным, падысьці, – прыдатнае: скажам, прыдатная зямля, прыдатны тварог, прыдатнае слова. Слова прыдатны ўсё часьцейшае ў сучасным маўленьні: нярэдка носьбіты літаратурнай мовы сьвядома аддаюць яму перавагу перад прыметнікам прыгодны – выбіраюць слова, адметнае на фоне расійскае лексыкі. І ўсё ж, думаю, ні на адно з памянёных словаў ня варта забывацца. Маем у арсэнале мовы сынонімы – прыдатны й прыгодны.