Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадаставiць цi даць, аддаць, падаць, саступiць, удзялiць, пакiнуць, дазволiць?


Юрась Бушлякоў, Менск

Часам у размове й на пісьме не абыходзяцца бяз словаў прадаставiць i прадастаўленьне – пераносяць іх з расійскай моўнай практыкі. На месцы якiх традыцыйных сродкаў ўжываюцца названыя русiцызмы? Ёсьць цэлая група беларускiх адпаведнiкаў расійскаму слову предоставить – мы ўжываем iх у залежнасьцi ад нюансаў значэньня. Маю на ўвазе найперш унівэрсальны дзеяслоў даць i вытворныя ад яго аддаць, падаць i перадаць. Ад усіх памянёных дзеясловаў ёсьць назоўнікі – даваньне, аддаваньне, падача, перадаваньне й некалькі іншых. Заўсёды, у кожным тэксьце названыя словы дарэчы – яны міжстылёвыя. І ўсе гэтыя словы дазваляюць нам абысьціся без пазычаньня. Гаворым па-беларуску, што далі некаму, напрыклад, прытулак, аддалі, перадалі ці выдзелілі кватэру, зьвесткi падалі або перадалі. Калi выражаем адценьне саступкi, падыходзяць нам дзеясловы саступiць або пераступiць: напрыклад, саступiць некаму сваю маёмасьць.

Да названых вышэй дадам яшчэ дзеяслоў удзяліць, які таксама можа быць прыдатны як беларускi адпаведнiк расійскага предоставить. Мала таго, што гэтае слова зусiм натуральнае ў нашай мове, яно яшчэ мае вялiкi патэнцыял ужываньня. Удзялiць можам далёка ня толькi час цi ўвагу. Шырэйшае, першаснае значэньне слова ўдзялiць – ‘даць дзель, частку, долю ў нечым, нешта выдзелiць’. Можна, напрыклад, удзялiць некаму зямлю, памяшканьне або грошы. “Ён нiкому нiчога не ўдзялiў”, – гэты сказ я выпiсаў з слоўнiка Івана Насовiча. Нiчога не ўдзялiў – значыць, нiчога ня даў. Вось жа, можам сказаць, што далі некаму месца, а можам, што некаму ўдзялілі месца.

Расiйскi дзеяслоў предоставить мае яшчэ адно значэньне – ‘даць магчымасьць нешта зрабiць, нечым распарадзiцца’. Тут ужо за беларускiя адпаведнiкi служаць словы пакiнуць або дазволiць, цi спалучэньнi словаў даць магчымасьць / права / дазвол на нешта (напрыклад, предоставить на чьё-либо усмотрениепакiнуць на нейчы суд / разгляд / вырашэньне / разьвязаньне).

Няма ніякай патрэбы ў беларускім маўленьні ісьці за расійскай кніжнасьцю й пераносіць дзеяслоў предоставить. Гаворым па-беларуску: даць слова, даць або выдзеліць крэдыт, падаць або перадаць зьвесткі, аддаць або саступіць маёмасьць, даць права разьвязаць праблему, пакінуць на добрую волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG