Як ужываем у лiтаратурнай мове дзеяслоў праць? Як спрагаецца гэтае слова? Наш слухач Дзьмiтры Вiнчэўскi папрасiў расказаць пра дзеяслоў праць, а таксама пра вытворную ад яго лексыку.
Праць – вельмi даўняе слова, выводзiм яго з агульнаславянскай формы *pьrati. Найстарэйшыя значэньнi гэтага дзеяслова – ‘цiснуць’ i ‘бiць’. Даўней бялiзну пралi на рэчцы, б’ючы яе пранiкам – драўляным бруском з ручкаю. У новы гiстарычны час спосаб мыцьця бялiзны зьмянiўся, але слова праць захавалася. Гаворым па-беларуску: я пяру, ты пярэш, ён цi яна пярэ, мы пяром цi пярэм, вы пераце або перацё, яны пяруць. Поруч з праць у народнай мове жывуць таксама формы пéрыць, пя´ рыць і пяры´ ць.
У сёньняшнiм лiтаратурным маўленьнi паралельна з больш рэгулярным спалучэньнем мыць бялiзну ўжываецца й спалучэньне праць бялiзну. Прычым частка з нас гаворыць, што пярэ бялiзну незалежна ад спосабу мыцьця. І гэта заканамерна, бо ёсьць у нас пральня, дзе зусім не драўляным пранiкам мыюць бялiзну. Мыцьцё бялiзны можам назваць праньнём або прáньнем. Мыючы або перучы бялiзну цi, iначай кажучы, хýсьце, скарыстоўваем пральны парашок. Палягчаем сабе мыцьцё цi праньнё пры дапамозе пральнай машыны.
У сваiм лiсьце Дзьмітры Вінчэўскі задае таксама пытаньне, чаму пры спалучэньнi пральная машына аднаслоўны вытворны сынонiм мае форму пралка, а ня пралька? Увогуле, цi выпадае ўжываць гэты аднаслоўны сынонiм?
Відавочна, аднаслоўная форма пры называньнi пральнай машыны здараецца пакуль што ў беларускiм лiтаратурным маўленьнi эпiзадычна. У цэлым мадэль на -лка пры называньнi розных прыладаў працы для нашай мовы характэрная – качаюць бялiзну качалкаю, капаюць капалкаю, мяшаюць – мешалкай або мяшалкаю, вось жа й прыладу праць бялiзну можна ў прынцыпе назваць пралкаю. А вось пралька наўрад цi прымальная – у нас, здаецца, няма словаў на -лька (зь мяккiм [л'] у канцоўцы), якiя абазначалi б якуюсь прыладу працы.
Магчымая, думаю, пры аднаслоўным называньнi пральнай машыны й форма прачка. Традыцыйна прачка – работнiца, што мые бялiзну. Аднак жа ў наш час функцыi прачкi пераймае, як правiла, машына. То, можа, i рызыкнуць называць пральную машыну якраз-такi прачкаю. Дарэчы, такое падвойнае значэньне назоўнiк прачка мае ў славацкай мове – прачкаю славакi называюць i жывую работнiцу, i машыну-работнiцу.
Пры ўсiх гэтых шуканьнях трэба разумець, што аднаслоўны сынонiм да спалучэньня пральная машына – нiякая не самамэта. Нам добра служыць i памянёнае спалучэньне.
Пры канцы тэмы яшчэ раз напомню гняздо словаў, якiя выйшлi з даўняга дзеяслова *pьrati: праць, праньнё / прáньне, пральны, пральня, пралка, прачка…