Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярвёны, камянi; бярвеньне, каменьне


Юрась Бушлякоў, Менск

У вусным маўленьнi й на пiсьме здараюцца формы множнага лiку тыпу бярвеньнi, зьвеньнi, каменьнi, карэньнi. Як узьнiклi такiя формы й цi адпавядаюць яны сучасным нормам лiтаратурнае мовы? Дасьледнiкi словаўтварэньня адзначаюць іх нетыповы, мяшаны характар – рэч у тым, што для нашае мовы не характэрны суфiксальны спосаб утварэньня множналiкавых формаў назоўнiкаў. Форма множнага лiку назоўнага склону характарызуецца канчаткам -i (), пры гэтым дадатковай суфiксацыi – далучэньня яшчэ нейкага суфiкса – няма: волас – валасы, зуб – зубы, лiст – лiсты, крыло – крылы й г. д. У формах тыпу карэньнi, каменьнi накладаюцца адна на адну, крыжуюцца беларускiя й расiйскiя множналiкавыя формы (коренья + карані ® карэньні). Вось жа, на месцы скрыжаваных ненарматыўных формаў маем ужываць або звычайныя, тыповыя формы множнага лiку на -i (), або зборныя назоўнiкi. Як ад вясло форма множнага ліку вёслы, ад гняздогнёзды, так, скажам, ад бервянобярвёны, а ад зьвяно (зьвяртаю на гэта асаблiвую ўвагу) – зьвёны (ня зьвеньнi, а якраз-такi зьвёны). У сваю чаргу зборныя назоўнiкi ўтвараюцца ад асновы формы адзiночнага лiку далучэньнем суфiкса [j] i канчатка [э] (пры гэтым канцавыя гукі асновы, апрача губных і [р], падаўжаюцца): брусбрусьсе, дуб – дуб’ё, каменькаменьне, коранькарэньне, крылокрыльле, лiстлiсьце, пяро – пер’е.

Пры канцы сёньняшняй тэмы паправiм адзiн сказ з памылковаю формаю: Дрэва глыбока пусьціла карэньні. Замест формы карэньні трэба ўжыць або правiльную форму множнага лiку назоўніка корань, або зборны назоўнiк карэньне: Дрэва глыбока пусьціла карані або Дрэва глыбока пусьціла карэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG