Раніца мудрэйшая за вечар, працавалі ў поце чала, бераглі як зрэнку вока – у сучасным беларускім маўленьні нярэдка, на жаль, здараюцца такія й падобныя да іх даслоўныя пераклады расійскіх устойлівых выслоўяў. Калькуючы, перапісваючы слова за словам выслоўі з другой мовы, мы ігнаруем сваё. Як правіла, адбываецца гэта проста зь няведаньня. Вось жа, пачынаючы зь сёньняшняга дня, у пятнічных выпусках “Жывой мовы” мы будзем прыпамінаць беларускія фразэмы, прыказкі й прымаўкі.
А зараз – перасьцярога ад адной з успомненых на пачатку кáлек. Расійскую прыказку Утро вечера мудренее ні ў якім разе не перакладаем даслоўна – знаходзім традыцыйныя беларускія адпаведнікі. У гэтым сэнсе па-беларуску гавораць: Пераначуем – болей пачуем, або – крыху іначай – Пераначуем – лепей пачуем. Зьміцер Санько ў “Малым руска-беларускім слоўніку прыказак, прымавак і фразем” прыводзіць яшчэ колькі блізкіх значэньнем беларускіх прыказак: Думай зь вечара, а рабі з раньня; Пажывем далей – угледзім болей; Пажывем – пабачым больш.
Пры канцы яшчэ раз перасьцерагаю вас ад калькаваньня ўстойлівых словазлучэньняў. Гартайма слоўнікі й шукайма беларускіх адпаведнікаў. Расійскаму Утро вечера мудренее адпавядае беларускае: Пераначуем – болей пачуем.