Адзін з нашых слухачоў днямі папрасіў пракамэнтаваць ужываньне трох беларускіх словаў: адкрыць, закрыць і накрыць. Слухача цікавіла, ці не падмяняем мы названымі дзеясловамі якіх іншых беларускіх словаў?
У нашай мове ёсьць цэлы шэраг вытворных ад агульнаславянскага паходжаньнем дзеяслова крыць: апроч згаданых слухачом, маем, скажам, такія рэгулярна ўжываныя словы, як выкрыць, пакрыць, перакрыць, раскрыць і скрыць. Выкрываем, напрыклад, змову, пакрываем дом дахоўкаю, перакрываем ваду, раскрываем душу, скрываем таямніцу. Выкарыстоўваючы ў сваёй мове вытворныя ад дзеяслова крыць, не забываймася й на іх сынонімы: туман накрывае, або – яшчэ – ахінае, атуляе, ахутвае зямлю.
А зараз разьбярэм колькі выпадкаў, калі нам патрэбныя акурат дзеясловы адкрыць і закрыць. Апавядаючы пра тое, што знойдзена ў вынiку пошукаў або пра тое, што стала вядомым, хоць доўга ўтойвалася, скарыстоўваем дзеяслоў адкрыць: адкрыць радовiшча, адкрыць Амэрыку, адкрыць сакрэт. Адкрываем і закрываем сход, паседжаньне – абвяшчаем пра яго пачатак або канец. Калi размова iдзе пра арганiзаваньне, стварэньне нейкай структуры або, наадварот, пра спыненьне яе дзейнасьцi, таксама ўжываюцца дзеясловы адкрыць i закрыць: адкрыць студыю, закрыць фабрыку. Тут, праўда, магчымая й пара адчынiць – зачынiць. Усё болей сёньня такога пераноснага ўжываньня: гавораць, што адчынiлi фiрму або школу, зачынiлi партыю або газэту.
У словаў адкрыць, закрыць і накрыць свае ролі ў мове. Але пры гэтым названымі дзеясловамі сапраўды ня варта падмяняць іншых словаў. Гаворым па-беларуску: адчынiць фортку, але адкрыць карысныя выкапнi, школу адкрыць або адчынiць, накрыць хусткаю плечы, распачаць дыскусію, закрыць або закончыць нараду, разгарнуць кніжку, расплюшчыць вочы.