Частка з нас выкарыстоўвае, гаворачы па-беларуску, дзеяслоў пераўзыходзiць: кажуць, напрыклад, што некага пераўзышлi сiлаю або пераўзышлi колькасьцю. Цi добра так гаварыць па-беларуску? Сумневы ў дарэчнасьці ўжываньня ў нашай мове дзеясловаў пераўзыходзiць i пераўзысьцi нарастаюць пасьля прагляду слоўнiкаў. Аказваецца, усе даведнiкi зь лексыкi беларускай лiтаратурнай мовы абыходзяць названыя дзеясловы ўвагаю, фiксуючы пры гэтым у значэньнi ‘пераўзыходзiць’ iншыя беларускiя словы.
Дзеяслоў пераўзыходзiць – прадукт беларускай кнiжнай мовы ХХ ст., вынiк асваеньня, падпраўленьня расiйскага слова превосходить. Хоць гэтая “падпраўка” здараецца ў сучасным маўленьні, бальшыня лiнгвiстаў усё ж ня схільная ўводзіць яе ў слоўнік літаратурнай мовы. Думаю, гэта слушны падыход – з функцыямi дзеяслова пераўзыходзiць добра спраўляюцца беларускiя словы перавышаць, перасягаць, яшчэ – пераважаць. Дзеясловы перавышаць i перавысiць зусiм дарэчы пры колькаснай характарыстыцы нечага (напр., сёлетнiя вынiкi перавысiлi леташнiя). Перасягаць нешта або некага можна i колькасьцю, i якасьцю (можам сказаць, што перасягнулi некага сiлаю й спрытам або што перасягнулi ў нечым саміх сябе). Перасягаць – слова, пакуль што крыху абдзеленае нашай увагаю, але памятайма: яно добра паслужыць, калi трэба сказаць, што нешта большае за што-небудзь. Дапытлiвасьцю пераважылi нясьмеласьць – тут у значэньні ‘перасягнулi’ рэгулярны ў нашай мове дзеяслоў пераважыць.
Як бачым, на месцы калькi пераўзысьці хапае нам традыцыйных беларускiх словаў: перавысiць, перасягнуць і пераважыць. Пры канцы яшчэ раз праілюструю іх ужываньне: нашыя даходы перавысілі выдаткі, супернікі пераважалі над намі колькасьцю, але мы перасягнулі іх у майстэрстве.