У беларускім маўленьні апошніх 10 – 15 гадоў паралельна з назоўнікам мужчынскага роду адрас ужываецца форма жаночага роду адрэса. Пры гэтым хто-ніхто з маладзейшых карыстальнікаў літаратурнай мовы мяркуе, што якраз-такі адрэса – адметная беларуская форма. У якой ступені гэтае меркаваньне апраўданае?
Пачнем з таго, што разьбіраны тут назоўнік – францускага паходжаньня. У францускай мове слова adresse – жаночага роду. У форме менавіта жаночага роду гэты назоўнік часта замацоўваўся ў тых мовах, куды ён прыходзіў беспасярэдне з францускай. У беларускай літаратурнай мове новага часу агульнаўжывальнаю стала мужчынскародавая форма адрас. Слова адрас прыйшло да нас, хутчэй за ўсё, з польскай мовы, дзе раней аформілася як назоўнік мужчынскага роду. Зьвярну ўвагу, што ўсе нарматыўныя беларускія слоўнікі ХХ ст. фіксуюць форму мужчынскага роду адрас. Адносна нядаўняе зьяўленьне ў беларускім маўленьні формы адрэса на месцы традыцыйнага адрас ня зьвязана наўпрост з жаночым родам францускага назоўніка adresse. Прычына іншая – на беларускі грунт была перанесеная ўкраінская форма адреса: нехта, скажам так, «падгледзеў» адресу ў украінскай літаратурнай мове, выкарыстаў на пісьме, а далей ужо гэтую форму пачалі ўжываць, трактуючы як «сапраўдную беларускую» на фоне расійскага назоўніка адрес.
Але ж, як бачым, нічога выключна беларускага ў форме адрэса няма. Думаю, варта нам, выбіраючы паміж адрэсаю й адрасам, ісьці за літаратурнай традыцыяй – карыстацца тыповай для нашай мовы формаю мужчынскага роду – адрас.