Старшына й старшыня – два зусiм блiзкiя з гучаньня словы. Носьбiты лiтаратурнае мовы адрозьнiваюць iх паводле значэньня – добра ведаем, хто такi старшына й чым займаецца старшыня. Часам, аднак, узьнiкаюць пытаньнi, зьвязаныя з утварэньнем словаў ад згаданых назоўнiкаў, у першую чаргу ад слова старшыня. Пытаюцца, да прыкладу, што робiць старшыня – старшынствуе цi старшынюе, як называць выкананьне старшынём абавязкаў – старшынствам або старшынёўствам?
Для нашае мовы дзеясловы з суфiксальнай часткаю -ствава- ў цэлым не характэрныя. Як ад назоўнiка пан маем дзеяслоў панаваць, ад цар – цараваць, так i ад старшыня будзе старшыняваць. У слове старшыня мяккая аснова, таму й дзеяслоў канчаецца на -няваць. У сваю чаргу назоўнiк зь цьвёрдай асноваю – старшына – дае дзеяслоў на -наваць – старшынаваць. Старшыня на судовым, напрыклад, паседжаньнi старшынюе, а старшына ў вайсковым падразьдзяленьнi старшынуе. Зь дзеясловаў старшыняваць i старшынаваць вынiкаюць заканамерныя назоўнiкi старшыняваньне й старшынаваньне. Скажам па-беларуску: за часам яго старшыняваньня гаспадарка была адной з найлепшых, братава старшынаваньне ў войску працягвалася доўгi час. Гаворачы пра выкананьне старшынём сваiх абавязкаў, поруч з назоўнiкам старшыняваньне ўжываюць i слова старшынёўства (да прыкладу: за гады старшынёўства ў выканкаме ён шмат чаго навучыўся). Зыходзячы з формы старшынёўства ў дачыненьнi да старшынi, можна вывесьцi назоўнiк старшыноўства як сынонiм да слова старшынаваньне. Праўда, калi старшынёўства – жывое слова, факт сёньняшняга маўленьня, то памянёнае старшыноўства – аказiяналiзм: так у нас не гавораць. Акадэмiчныя слоўнiкi беларускае мовы з значэньнем знаходжаньня ў годнасьцi старшыны падаюць назоўнiк старшынства – нельга, аднак, не заўважыць, што гэтае слова – крайне рэдкае ў лiтаратурным маўленьнi. Напомню яшчэ, што для беларускае мовы значна больш характэрныя назоўнiкi з значэньнем дзеяньня на -ньне, чымся на -ства (iначай кажучы, назоўнiкi накшталт старшыняваньня больш рэгулярныя ў мове за словы тыпу старшынёўства).
Пры канцы тэмы, як заўсёды, падагульняем. Гаворым па-беларуску: старшыняваць / быць за старшыню на сходзе, гады старшыняваньня / старшынёўства ў камiтэце; старшынаваць / быць за старшыну ў войску, пэрыяд старшынаваньня / старшынства ў вайсковым падразьдзяленьнi.