Разьбiральнiцтва й умяшальнiцтва – нiводзiн слоўнiк беларускай лiтаратурнай мовы не фiксуе гэтых назоўнiкаў, аднак часам яны здараюцца ў маўленчай практыцы. Пры гэтым карыстальнiкi мовы арыентуюцца, абапiраюцца, вiдавочна, на расiйскiя словы разбирательство i вмешательство, проста падпраўляюць iх. Але ж замена суфiксаў – у нашым выпадку -тель на -нiк – сама па сабе ня робiць слова беларускiм. Праблема тут у нетыповай мадэлi слова. Назоўнiкi дзеяньня ў беларускай мове звычайна ўтвараюцца адразу ад дзеясловаў: будаваць – будаваньне, вiтаць – вiтаньне, сьведчыць – сьведчаньне. Няма нiякай патрэбы адступацца ад такой мадэлi, утвараючы назоўнiкi ад дзеясловаў разьбiраць i ўмешвацца цi ўмяшацца. Ад разьбiраць маем вытворныя разьбiраньне й разбор. Скажам, да прыкладу, што правялi разбор справы, запрасiлi некага на разьбiраньне сытуацыi. У ролi сынонiму да разбору й разьбiраньня выступае традыцыйны разгляд (гаворым: разбор пазову й разгляд пазову). Ад дзеяслова незакончанага трываньня ўмешвацца ёсьць назоўнiк умешваньне – з адценьнем незакончанасьцi дзеяньня. У сваю чаргу ад дзеяслова ўмяшацца маем рэкамэндаванае нарматыўнымi слоўнiкамi ўмяшаньне (напрыклад, вайсковае ўмяшаньне, хiрургiчнае ўмяшаньне).
Цяпер паўторым, каб цьвёрда запомнiць заканамерныя словы. Гаворым па-беларуску: разбор, разьбiраньне, разгляд справы ў судзе, умяшаньне ў чужое жыцьцё, умяшаньне ўва ўнутраныя справы краiны.