Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урэшце, нарэшце, канец канцом, канец канцоў, надосталь, наапошку


Юрась Бушлякоў, Менск

У сучасным беларускiм маўленьнi даволi рэгулярна чуем спалучэньне у рэшце рэшт. Часам, праўда, гэтае спалучэньне крытыкуюць – некаторыя аўтары зьвяртаюць увагу на яго штучнасьць, калькаванасьць, адзначаюць “перапiсанасьць” названай беларускай фразэмы з расiйскага ўстойлiвага спалучэньня в конце концов. Як ставiцца да такiх ацэнак? Ужываць, нягледзячы нi на што, канст-рукцыю у рэшце рэшт цi, можа, аддаваць перавагу больш характэрным для нашае мовы сродкам?

У слоўнiках беларускае дыялектнае мовы мне не ўдалося знайсьцi спалучэньня у рэшце рэшт. Мяркуючы з усяго, гэтая фразэма – прадукт першае паловы ХХ ст., прадукт, якi ўзьнiк у прасторы лiтаратурнага маўленьня. У жывой народнай мове на месцы кнiжнага спалучэньня у рэшце рэшт выступалi й выступаюць як паасобныя словы, так i словазлучэньнi. Пачаць пералiк традыцыйных адпаведнiкаў трэба з прыслоўяў урэшце ([урэс’ц’э]) й нарэшце ([нарэс’ц’э]) – абодва яны паходзяць ад слова рэшта, вытокi якога ў лацiнскай мове, у дзеяслове restare ‘заставацца’. Гаворым, напрыклад: урэшце мы сустрэлiся, нарэшце ён прыйшоў. Каб падкрэсьлiць, што ў канчатковым вынiку мы ўсё ж сустрэлiся, а ён прыйшоў, нам даволi словаў урэшце або нарэшце. Вартыя пашырэньня ў лiтаратурнай мове й роўныя з памянёнымi прыслоўямi паводле сэнсу спалучэньнi канец канцом i канец канцоў. “І ты канец канцом паварушы глуздамi”, – запiсаў на Меншчыне мовазнаўца Фёдар Янкоўскi. У сваёй кнiзе “Беларуская фразеалогiя” (Мн., 1968) Янкоўскi падаў таксама iлюстрацыi ўжываньня названых выразаў, выбраныя з запiсаў фальклярыста, этнографа Мiхала Федароўскага: “Дык ён круцiў, муцiў, але такi канец канцом мусiў прызнацца. Усё ж канец канцоў дадумалiся”.

І яшчэ на два словы хацеў бы зьвярнуць увагу – каб наш сынанiмiчны рад быў паўнейшы. Маю на думцы прыслоўi надосталь (надосталi) i наапошку – ясная рэч, на сёньня яны сярод рэзэрваў лiтаратурнае мовы. Формы надосталь i надосталi зафiксаваў у знакамiтым слоўнiку беларускае мовы Іван Насовiч (да прыкладу, надосталь прызнаўся – значыць, урэшце, канец канцом прызнаўся). У сваю чаргу зусiм празрыстае слова наапошку – з эмiграцыйнае моўнае практыкi: знаходзiм яго ў творах паасобных беларускiх лiтаратараў-эмiгрантаў. “Спачатку прабаваў Бурак кпіць з кабеты, пасьля дакараць, а наапошку й зусім узлаваўся. Наапошку не было ўжо чым плакаць: перасохлі сьлёзы”, – гэтыя два сказы я выпiсаў з трылёгii Кастуся Акулы “Гараватка”.

Такiм чынам, поруч з кнiжна-калькаваным у рэшце рэшт маем цэлы шэраг роўных значэньнем словаў i словазлучэньняў – прапанаваны тут пералiк, натуральна ж, не прэтэндуе на вычарпальнасьць. Найперш не забываймася ў нашым выпадку на прыслоўi ўрэшце й нарэшце – аддавайма iм перавагу. Пры гэтым шанец у лiтаратурным ужытку можна, думаю, даваць i рэзэрвовым пакуль адпаведнiкам: канец канцом, канец канцоў, надосталь, наапошку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG