Работа й праца, рабiць i працаваць – штодзённыя словы нашай мовы. Тым ня менш часам узьнiкаюць пытаньнi, зьвязаныя зь нюансамi iх ўжываньня. Скажам, цi заўсёды на месцы слова работа можна скарыстаць сынонiм праца? Цi выпадае ў лiтаратурным маўленьнi ўжываць дзеяслоў рабiць у значэньнi ‘працаваць’? Лiст з просьбаю разабраць значэньнi памянёных словаў даслала нашая слухачка Натальля Пустаход-Завiла. “Мая плешчанiцкая бабуля, – пiша Натальля, – казала: “Трэ работу рабiць”; “Ён рабiў недзе тут у Плешчанiцах”; “Працавалi самi”.
Пры называньнi дзейнасьцi, актыўнасьцi чалавека слова праца ўжываецца ў лiтаратурнай мове часьцей, чым работа: гаворым, напрыклад, разумовая праца, фiзычная праца, хоць можна сказаць i разумовая работа, фiзычная работа. Па-беларуску – узяцца за работу й узяцца за працу – у гэтым выпадку назоўнiкi на роўных правох. Ходзiм на службу – на працу або на работу – i тут назоўнiкi таксама раўнапраўныя. Калi ж характарызуем функцыянаваньне органа ў арганiзьме цi якой прылады, машыны, карыстаемся, як правiла, словам работа: работа сэрца, работа рухавiка. У значэньнi канкрэтнага людзкога клопату, заданьня часьцей выкарыстоўваецца слова работа (напрыклад, такой работы так проста ня зробiш). Называючы вытворчую чыннасьць або прымусовую актыўнасьць, слова работа рэгулярна ўжываюць у форме множнага лiку: будаўнiчыя работы, сельскагаспадарчыя работы, папраўчыя работы й г.д. Выкарыстаньне ў такiм значэньнi множналiкавай формы працы (палявыя працы) для нашай мовы малахарактэрнае: па-беларуску зазвычай скажуць або гаспадарчая праца, або гаспадарчыя работы. У сваю чаргу форма працы дарэчы пры размове пра творы, якiя сталi вынiкам мысьленчай, разумовай актыўнасьцi чалавека (скажам, да прыкладу, што ў сьвет выйшлi навуковыя працы). Характарызуючы якасьць, а таксама спосаб выкананьня нечага, ужываем слова работа: рэч выдатнай работы, твор ручной работы, замок кавальскай работы й г. д.
У жывой народнай мове дзеяслоў рабiць традыцыйна выступае яшчэ i ў значэньнi ‘працаваць’: цэлы дзень рабiлi на лузе, дачка робiць у школе; рабi пiльна – i тут будзе Вiльня, рабi да поту – зьясi ў ахвоту. Вядома ж, такое словаўжываньне прымальнае й пры лiтаратурным маўленьнi – у гутарковым стылi.