Була[чн]ы, пшанi[чн]ы, ру[чн']iк, сма[чн]ы, яе[чн]ы, яе[чн']я
Рукi выцiраем ру[шн']iком цi ру[чн']iком, гатуем яе[шн']ю цi яе[чн']ю? Якому з двух варыянтаў аддаем перавагу пры лiтаратурным маўленьнi? Іначай кажучы, як вымаўляем спалучэньне лiтар чн? Правiлы беларускай артаэпii абавязваюць нас у гэтым выпадку да нязьменнага вымаўленьня – на стыку кораня й суфiкса перад гукамi [н] або [н’] застаецца [ч] : була[чн]ы, мало[чн]ы, пшанi[чн]ы, сма[чн]ы, слане[чн’]iк, сунi[чн’]iк й г. д.
Ёсьць, аднак, словы, лiтаратурнае вымаўленьне якiх нельга прызнаць стабiльным. Маю на ўвазе найперш памянёныя ручнiк i яечню. Разьбярэм па чарзе. У дыялектнай беларускай мове пераважае форма ру[шн’]iк – з гукам [ш] перад суфiксам. Але на пiсьме ў ХХ ст. гэты назоўнiк перадаваўся, як правiла, з захаваньнем спалучэньня лiтар ч i н. Устанаўляючы ў пасьляваенныя дзесяцiгодзьдзi нарматыўнае вымаўленьне, лiнгвiсты iшлi за традыцыйным напiсаньнем, а таксама абапiралiся на факты тых гаворак, для якiх характэрнае якраз-такi нязьменнае вымаўленьне [чн] у названым слове. Такiм чынам, вымаўленчая норма тут – ру[чн’]iк.
Яе[шн’]я цi яе[чн’]я? На пiсьме дамiнуе форма яечня. Кiруючыся ёю, маем падставы прызнаць за асноўны вымаўленчы варыянт яе[чн’]ю зь нязьменным [чн’]. Зьвярну, аднак, увагу, што шэраг даведнiкаў зь беларускай артаэпii дапускае паралельна з формаю яе[чн’]я варыянт яе[шн’]я як другi нарматыўны (такое дапусканьне падтрымлiваецца, вiдавочна, i фiксаваным у акадэмiчных слоўнiках напiсаньнем яешня). І ўсё ж, выбiраючы памiж варыянтамi, трэба ўлiчыць, што яе[шн’]я з сыстэмных меркаваньняў менш апраўданая ў лiтаратурным ужытку: вымаўленчая норма ў прыметнiку яе[чн]ы дыктуе заканамерную назоўнiкавую норму – яе[чн’]я.