У цяперашнiм беларускiм маўленьнi раз-пораз чуем фразы з словам бачна (напрыклад, добра было бачна, або з гэтага бачна, або – яшчэ – зь цягам часу будзе бачна). Хiба дарэчы тут слова бачна? Нарматыўныя даведнiкi дапускаюць яго ў такiх фразах, аднак цi добра, цi натуральна гэта гучыць па-беларуску? Цi няма тут якой падмены, калькаваньня? Бяру сьвежавыдадзены першы том “Слоўнiка мовы “Нашай Нiвы” – у слоўнiку сабраная лексыка зь легендарнай газэты “Наша Нiва” пачатку ХХ ст. Шукаю ў першым томе слова бачна – яго там няма. У “Нашай Нiве” дамiнавала жывая аўтэнтычная мова, а ў ёй традыцыйна ўжывалася канструкцыя з другiм словам – вiдаць: было вiдаць, будзе вiдаць, з гэтага вiдаць. Пазьней, у савецкiя дзесяцiгодзьдзi, хто-нiхто, ня ведаючы жывое беларускае мовы або памалу на яе забываючыся, замест вiдаць звыкаўся гаварыць бачна (лёгiка ў нашай моўнай сытуацыi простая: раз видеть – гэта па-беларуску бачыць, значыць, видно – гэта бачна). Але ў мовах ня ўсё так проста – няма такой “люстэркавасьцi”, за кожнай моваю стаiць свая арыгiнальная сыстэма сродкаў выражэньня. Увогуле, само слова бачна было й ёсьць у беларускай мове – пытаньне толькi ў тым, дзе яно дарэчы. Іван Насовiч, скажам, фiксаваў прыслоўе бачна ў значэньнi ‘разважлiва, абачлiва, асьцярожна’ (напр., бачна зрабiў, што ўстрымаўся).
Выкарыстоўваючы слова вiдаць (а таксама й слова чуваць), трэба ўлiчваць важную беларускую асаблiвасьць: назоўнiк спалучаецца з гэтымi словамi ў форме назоўнага склону (адсюль вiдаць цэлая плошча, вiдаць хацiна на пагорку, чуваць песьня з залi). Калi ж пры вiдаць i чуваць ёсьць адмоўе не, тады назоўнiк стаiць, натуральна, у форме роднага склону: праз туман дому не вiдаць, ад шуму песьнi не чуваць. Фёдар Янкоўскi некалi перасьцерагаў, што “будзе недарэчнаю памылкаю, калi сказаць або напiсаць: вiдаць усю дарогу, чуваць прыгожую песьню”. Запамятайма правiльныя беларускiя формы: вiдаць уся дарога, чуваць прыгожая песьня; усё добра было вiдаць, зь цягам часу будзе вiдаць, з гэтага вiдаць, канца-краю не вiдаць.