Калi лiтары д i ж не стаяць на стыку прыстаўкi й кораня, яны абазначаюць на пiсьме адзiн гук [дж]. Ён складаецца з двух зьлiтых у адно цэлае элемэнтаў – выбухнога й шчылiннага, прычым шчылiнны элемэнт тут вельмi кароткi. Гук [дж] – звонкi, у пары зь iм глухi [ч]. Як пiсаў у зводзе правiлаў лiтаратурнага вымаўленьня Фёдар Янкоўскi, “вымавiць [ч] з голасам – значыць атрымаць афрыкату [дж]”. (Афрыката – тэрмiн лацiнскага паходжаньня; у нашай мове шэсьць змычна-шчылiнных гукаў, або, iначай, афрыкат: [дз’], [дз], [дж], [ц’], [ц], [ч].) Джала, ураджай, наладжваць, папярэджваць, ваджу, гляджу – заўсёды памятаем, што спалучэньне лiтар дж у такiх словах перадае адзiн гук. Няможна, iдучы за напiсаньнямi, вымаўляць на месцы змычна-шчылiннага [дж] двух гукаў, нельга таксама “зацягваць” [дж], бо тады атрымаем спалучэньне [дж] з гукам [ж]. Асаблiвую ўвагу трэба зьвярнуць на пазычаньнi – i ў iх трэба вымаўляць [дж], не пераносiць двухгукавога расiйскага вымаўленьня. Гаворым карэктна па-беларуску: [дж]аз, [дж]ыгiт, [дж]ын, [дж]ынсы, [дж]унглi, [дж]ып, Азэрбай[дж]ан, Вiр[дж]ынiя, [Дж]акарта.
Гук [дж] рэгулярна выступае ў дзеясловах i аддзеяслоўных назоўнiках – не забываймася на гэта. На месцы [дж] не павiнна быць гуку [ж]: не агле[ж]у, нала[ж]у, зацьвер[ж]аньне, а агле[дж]у, нала[дж]у, зацьвер[дж]аньне. Прыпомню яшчэ, што ў нашай мове ёсьць выпадкi, калi [дж], процiпастаўляючыся iншым гукам, служыць на адрозьненьне словаў: напрыклад, важу (ад вазiць) i ваджу (ад вадзiць), жала (ад жаць) i джала (назоўнiк).