Як мы вiтаемся ранiцаю? Цi традыцыйнае для беларускай моўнай традыцыi вiтаньне “Добрай ранiцы!”? Нагодаю, каб вярнуцца да гэтае тэмы (гл. “Жывую мову” ад 30.07.), стаў нядаўнi званок адной з нашых слухачак. Слухачка перасьцерагае ад выкарыстаньня прывiтальнага словазлучэньня “Добрай ранiцы!”. Вось тая кароткая рэплiка:
“Добрай ранiцы” – гэта калька з расiйскай мовы. У Беларусi няма “Добрай ранiцы!”, ёсьць “Добры дзень!”.
Нельга не пагадзiцца, што вiтаньне “Добрай ранiцы!” ў Беларусi нетрадыцыйнае: да савецкага часу ў нас так не вiталiся. Ранiца, ранак – усяго толькi частка дня, яго пачатак. На дварэ ранiца – значыць, адышла ноч i надышоў дзень. У беларускiм моўным этыкеце не было асобнага вiтаньня на ранак, таксама, як няма яго, скажам, у французаў або палякаў. Вякамi i ранiцаю, i ўдзень беларусы вiталiся, спраўляючыся бяз “Добрай ранiцы!”: “Добры дзень!”, “Дзень добры!”, “Дабрыдзень!”.
Вiтаньне “Добрай ранiцы!” скалькавалi ў мiнулым стагодзьдзi. За беспасярэднi арыенцiр пры калькаваньнi магла служыць расiйская форма “Доброго утра!”; магчыма, зважалi й на ўкраiнскае “Доброго ранку!” – i выйшла “Добрай ранiцы!”, а ня “Добрая ранiца!”. Зрэшты, у паасобных слоўнiках савецкага часу можна трапiць i на форму “Добрая ранiца!” (напрыклад, у “Тлумачальным слоўнiку беларускай мовы для сярэдняй школы” А. Баханькова, І. Гайдукевiча й П. Шубы).
У лiтаратурным ужытку за пасьляваенныя дзесяцiгодзьдзi калька “Добрай ранiцы!” збольшага, несумненна, прыжылася. Памятаю, на самым пачатку 1990-ых у “Самавучку беларускай мовы” на нетрадыцыйнасьць “Добрай ранiцы!” зьвярнуў увагу пiсьменьнiк Анатоль Клышка. Тады шмат для каго з Клышкавых чытачоў, носьбiтаў лiтаратурнае мовы, гэта было сапраўдным адкрыцьцём. За 1990-ыя крытычнага стаўленьня да скалькаванага вiтаньня ў нас паболела – паболела людзей, якiя сьвядома высьцерагаюцца “Добрай ранiцы!”. І ўсё ж ня думаю, што ўдасца ў агляднай будучынi цалкам выкасаваць з мовы гэтае вiтаньне. Але ведаць пра яго нетрадыцыйны, калькаваны характар i старацца вiтацца так, як вiталiся па-беларуску стагодзьдзямi, трэба. Цяпер – ранiца, пачатак дня. І я вiтаю вас: “Добры дзень!”, “Дабрыдзень!”, “Добрага вам дня!”.