Акадэмiчныя слоўнiкi беларускае мовы цягам апошняга паўстагодзьдзя (з 1953 году) нязьменна фiксуюць i тым самым, ведама ж, пашыраюць у нашым маўленьнi прыметнiк грэчаскi. Пашыраюць, нягледзячы на зусiм не беларускае аблiчча гэтага слова – для нашае мовы прыметнiкi на -часкi нехарактэрныя.
Чаму савецкiя нармалiзатары забiралi адно з значэньняў у традыцыйнага, тыпова беларускага паводле свае будовы прыметнiка грэцкi? Няма сумневу, было ў iх жаданьне (i яно падмацоўвалася фактамi расiйскае мовы) разьвесьцi зьвязанае з расьлiнаю грэчкаю, з аднаго боку, i з грэкамi й Грэцыяй, з другога. Разводзiць узялiся пры дапамозе слова, якое цалкам выбiваецца зь беларускiх прыметнiкавых мадэляў, – слова грэчаскi. Аднак жа i назоўнiк грэчка, i прыметнiк грэцкi вынiкаюць з таго самага слова – з назоўнiка грэк. Як ад казáк маем прыметнiк казацкi, ад юнак – юнацкi, так i ад грэк – грэцкi. Нашто ж нам iсьцi супраць законаў мовы й баяцца двухзначнасьцi слова: па-беларуску i грэцкая мова, i грэцкае мастацтва, i грэцкiя крупы, i грэцкая каша.
Часта, гаворачы пра валюнтарызм у дачыненьнi да нашае лiтаратурнае мовы, прыпамiнаюць “Руска-беларускi слоўнiк” 1937 г. пад рэдакцыяй Андрэя Александровiча. Дык вось укладальнiкi таго мяшанага, поўнага беспадстаўных пазычаньняў слоўнiка не рызыкнулi перанесьцi з расiйскае мовы формы грэчаскi – там толькi грэцкi ў двух сваiх натуральных беларускiх значэньнях.
Зрэшты, у сучасных беларускiх слоўнiках прыметнiку грэчаскi можна яшчэ й пару знайсьцi – маю на ўвазе форму таўрычаскi. У XVIII ст. расiйцы вывелi былi з гiстарычнага назову Крымскага паўвостраву Таврия (Таўрыя) прыметнiк таврический. Ужо ў ХХ ст. расiйскi прыметнiк жыўцом перанесьлi ў нашую мову. Тым часам заканамерная беларуская прыметнiкавая форма ад Таўрыя – таўрыйскi (таксама, як ад Аўстрыя – аўстрыйскi або ад Бэльгiя – бэльгiйскi). Гэтай форме й трэба адназначна аддаць перавагу. Вось жа, заснаваную старажытнымi грэкамi на крымскiм узьбярэжжы калёнiю назавем па-беларуску Хэрсанэсам Таўрыйскiм, архiтэктурны помнiк у Санкт-Пецярбурзе – Таўрыйскiм палацам, а сёньняшнi сiмфэропальскi ўнiвэрсытэт – Таўрыйскiм унiвэрсытэтам (таўрыйскiм ён, дарэчы, называецца й па-ўкраiнску).